Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́БЕ

(Vabbe) Адольф (Адо) Георгіевіч (19 3.1892, г. Тапа, Эстонія — 20.4.1961),

эстонскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1946). Вучыўся ў студыі А.Ажбе (Мюнхен, 1911—13). Выкладаў у Вышэйшым маст. вучылішчы імя К.Мягі (1940—41), маст. ін-це (1944—50) у Тарту, праф. (1938). У творчасці прыкметны ўплыў імпрэсіянізму і футурызму: «У кавярні» (1918), «Рачны порт» (1938) і інш. Працаваў у галіне кніжнай графікі: «Чалавек і сфінкс» І.Барбаруса (1919), «Песня песняў» Саламона (1932) і інш.

т. 3, с. 421

ВА́БІЧ,

рака ў Беларусі, у Круглянскім, Шклоўскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 74 км. Пл. вадазбору 565 км². Пачынаецца за 1,7 км на У ад в. Бураўшчына Круглянскага р-на. Асн. прытокі: Чарнаводка, Васілеўка, Лімнічанка (злева), Свяцілаўка (справа). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Схілы спадзістыя. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма двухбаковая, пераважае шыр. 200—400 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—25 м, у верхнім цячэнні каналізавана 24 км. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Сістэм.

т. 3, с. 421