Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАД,

мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2·nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).

Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.

т. 3, с. 432

ВАДА́,

аксід вадароду, найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх ​1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл. Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.

Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H​+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH​-), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.

Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт. Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.

т. 3, с. 432

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

ВАДАЁМ,

натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.

т. 3, с. 432

ВАДАЗБО́Р,

вадазборны басейн, вадазборная плошча, 1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

ВАДАЗЛІ́Ў,

перашкода (парог), цераз якую пераліваецца паток вады. Бываюць з тонкай сценкай, шырокім парогам або практычнага профілю, збудаванага адпаведна траекторыі ніжняй паверхні свабоднага патоку вады, што пераліваецца цераз тонкую сценку. Вадазлівы, што выкарыстоўваюцца ў лабараторнай і гідраметрычнай практыцы, наз. вымернымі.

Для засяроджвання патокаў у грэбені вадазліву робяць адтуліны прамавугольнай, трохвугольнай або трапецападобнай формы, абмежаваныя з бакоў устоямі або быкамі (прамежкавымі сценкамі). Для засцярогі рэчышча ад размываў, успрымання ўдараў струменяў і змяншэння энергіі патокаў вады за вадазлівам размяшчаюць вадабой (бетонную або драўляную пліту), звычайна ў комплексе з вадабойнымі калодзежамі, вадабойнымі сценамі і інш. Вадазліў гідратэхнічны — тое, што вадаскід.

т. 3, с. 432

Вадалажскі Васіль Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 359

ВАДАЛІ́Ў

(лац. Aquarius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ х 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

т. 3, с. 433

ВАДАЛЮ́БЫ

(Hydrophilidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб. пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).

Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.

т. 3, с. 433

ВАДАМЕ́Р,

расходамер для вызначэння аб’ёмаў выкарыстанай вады.

т. 3, с. 433