ВАШАКТУ́Н
(Vaxactun),
старажытны цырыманіяльны цэнтр плямён мая (1-е тыс. н.э.) у дэпартаменце Эль-Петэн (Гватэмала). У выніку раскопак выяўлены адно з найб. стараж. збудаванняў — прыступкавая храмавая платформа, якую ўпрыгожваюць маскі, будынак з фрэскавым жывапісам, рэшткі жылля з дрэва і пальмавых лістоў на мураваным падмурку 3—10 ст.
т. 4, с. 47
«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,
штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.
т. 4, с. 48
ВАШКЕ́ВІЧ Аляксандр Аляксандравіч
(28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.
т. 4, с. 48
ВАШКЕ́ВІЧ Іван Іванавіч
(н. 1.10.1937, в. Ганалес Мінскага р-на),
бел. акцёр, тэатр. дзеяч. Засл. работнік культуры Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 акцёр Бел. драм. т-ра імя Я.Коласа, з 1969 заг. аддзела культуры Віцебскага гарвыканкома, на парт. рабоце ў Віцебску і Мінску. З 1982 дырэктар Нац. акад. драм. т-ра імя Я.Купалы.
т. 4, с. 48
ВАШКЕ́ВІЧ Уладзімір Раманавіч
(30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),
генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.
т. 4, с. 48
ВАШЧА́К Яраслаў Антонавіч
(19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),
дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз. ін-т імя М.Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.
А.А.Саламаха.
т. 4, с. 48
ВА́ШЧАНКА Аляксей Ягоравіч
(каля 1920, в. Воската Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 5.9.1942),
герой Вял. Айч. вайны. Вызначыўся на Сталінградскім фронце. 5.9.1942 аўтаматчык Вашчанка ў крытычны момант бою, калі праціўнік адкрыў кулямётны агонь з замаскіраванага дзота, з воклічам «За Радзіму!» кінуўся на дзот і закрыў сваім целам амбразуру. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Леніна.
т. 4, с. 48
ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.Т.Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажом, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.
Літ.:
Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст. Мн., 1925;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.
В.Ф.Шматаў.
т. 4, с. 48
ВА́ШЧАНКА Гаўрыла Харытонавіч
(н. 20.6.1928, в. Чыкалавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1988). Праф. (1980). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манум. размалёўкі і вітража. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У творах «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Дума пра хлеб» (усе 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. — роздум пра мінуўшчыну роднай зямлі, актуальныя праблемы часу, патрыятызм. Важным падзеям бел. гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М.Грэкава), «Прарыў», «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982; за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1987). Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзярж.-паліт. дзеячаў Беларусі: Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, Вітаўта, Льва Сапегі і інш. Зрабіў манум. размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974), у кінатэатры «Масква» (1980, з М.П.Вашчанкам; усе ў Мінску). Міжнар. біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысудзіў Вашчанку ганаровыя званні «Чалавек года 1992—96», «Чалавек XX стагоддзя» (1992), імянны сярэбраны медаль, «Залаты дыск» (1993—94).
Г.А.Фатыхава.
т. 4, с. 48
ВАШЧА́НКА Максім Ярмалініч
(1650-я г., Магілёў — 1708),
бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.
А.М.Пікулік.
т. 4, с. 49