Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЦІ́Н,

палатно (таўшчынёй 3—12 мм) з аднабаковым ці двухбаковым начосам. Вырабляюць баваўняны, шарсцяны, паўшарсцяны. Выкарыстоўваюць для ўцяплення вопраткі (заменнік ваты). У Беларусі вацін выпускае Віцебскі дывановы камбінат.

т. 4, с. 47

ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ

(Wacław z Szamotuł),

Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).

т. 4, с. 47

ВА́ЦЛАЎ IV

(Vclav; 26.2.1361 — 16.8.1419),

чэшскі кароль з 1378, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1378—1400]. Сын Карла IV, з Люксембургскай дынастыі. У ходзе барацьбы з кааліцыяй чэш. феадалаў двойчы паланёны (1394, 1402). Каб спыніць сепаратызм і захаваць цэласнасць чэш. дзяржавы, стварыў у 1396 пастаянны каралеўскі савет з буйных феадалаў. У 1400 скінуты курфюрстамі з ням. прастола. У апошнія гады яго кіравання ў Чэхіі пачаўся Гусіцкі рэвалюцыйны рух. Пэўны час Вацлаў падтрымліваў рэфарматарскую дзейнасць Я.Гуса.

т. 4, с. 47

ВА́ЦЫЕЦІС

(Vacietis) Ояр Отавіч (13.11.1933, хутар Думп’і Валкскага р-на, Латвія — 28.11.1983),

латышскі паэт. Засл. дз. культуры Латвіі (1972). Нар. паэт Латвіі (1977). Вучыўся ў Латышскім ун-це. Друкаваўся з 1950. Чалавек як стваральнік усіх каштоўнасцей, як частка прыроды і гегемон жыцця, яго адносіны да Сусвету, гісторыі, народа і часу — асноўнае ў кнігах паэзіі Вацыеціса «Вецер далёкіх вандраванняў» (1956), «Дыханне» (1966, Дзярж. прэмія Латвіі 1967), «Час зязюль» (1968), «Гама» (1976), «Антрацыт» (1978), «Правапіс маланкі» (1980). Аўтар аповесці «Вачыма тых дзён» (1958). Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 4, с. 47

ВАЦЭ́ЦІС Іаакім Іаакімавіч

(23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

ВАЦЯКО́Ў Веньямін Іосіфавіч

(н. 1.8.1921, г. Бугуруслан Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вірусолаг. Акад. АН Беларусі (1995), АМН СССР (1978, чл.-кар. 1971), Акадэміі прыродазнаўчых навук Расіі (1990), Рас. АМН (1991), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1943). З 1950 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (да 1986 дырэктар). Навук. працы па хіміятэрапіі вірусных інфекцый, комплексным вывучэнні кляшчовага энцэфаліту, поліяміэліту, удасканаленні прафілакт. прэпаратаў супраць шаленства, гепатыту, грыпу, герпесу. Аўтар вынаходстваў па вірусных інгібітарах, тромбалітычных прэпаратах і супраць адарвання трансплантаваных органаў.

Тв.:

Западный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з І.І.Протасам, В.М.Жданавым);

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);

Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).

Літ.:

Голубев Д., Солоухин В. Размышления и споры о вирусах. М., 1989. С. 219—222.

т. 4, с. 47

Вацякоў Іван Фаміч

т. 18, кн. 1, с. 363