ВАЛ у тэхніцы, дэталь машыны, прызначаная для перадачы вярчальнага намагання і падтрымання насаджаных на яе іншых дэталяў. Адрозніваюць валы прамыя (гладкія, ступеньчатыя, шліцавыя, кулачковыя), каленчатыя валы, гнуткія валы і інш. Паводле прызначэння бываюць валы перадач, нясучыя зубчастыя колы, шківы, зорачкі і карэнныя, на якіх акрамя дэталяў перадач замацоўваюць рабочыя органы машыны (колы турбін, крывашыпы і інш.). Валы разлічваюць на трываласць, жорсткасць і ваганне.
т. 3, с. 468
ВАЛ,
1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб. пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.
т. 3, с. 468
ВАЛ
(ваен.),
насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).
т. 3, с. 468
ВАЛАА́МСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у паўн.-зах. частцы Ладажскага возера, у Карэліі (Расійская Федэрацыя). Уключае в-аў Валаам (пл. 28 км²) і больш за 50 дробных астравоў. Агульная пл. 36 км². Выш. да 70 м. Складзены з гранітаў і дыябазаў. Берагі моцна парэзаныя (шхеры). Большая ч. Валаамскіх астравоў укрыта хваёвымі лясамі і насаджэннямі. З 1979 гісторыка-арх. і прыродны музей-запаведнік Валаамскі манастыр. На в-ве Валаам — гар. пасёлак Валаам. Культавыя, гасп. і жылыя пабудовы 19 — пач. 20 ст. Помнік маракам Ладажскай ваен. флатыліі. Турызм.
В.П.Кісель.
т. 3, с. 468
ВАЛАА́МСКІ МАНАСТЫ́Р,
Спаса-Праабражэнскі, гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік у Карэліі. Засн. як мужчынскі манастыр не пазней як у пач. 14 ст. на в-ве Валаам у Ладажскім возеры грэч. манахамі Сергіем і Германам. Знаходзіўся на мяжы наўгародскіх уладанняў, служыў крэпасцю і шмат разоў адбіваў напады шведска-фінскіх атрадаў, у 1611 спустошаны імі. У 1715 адноўлены паводле ўказа Пятра I. Арх. помнікі 18—19 ст.: Спаса-Праабражэнскі сабор, цэрквы Успення, Нікольская, Пятра і Паўла і інш. У 19 ст. буйны рэліг., эканам. і культ. цэнтр. У 1917—40 на тэр. Фінляндыі. У час сав.-фінл. вайны манахі пакінулі яго. З 1945 дом-інтэрнат для інвалідаў Вял. Айч. вайны. З 1979 музей-запаведнік. У 1988 перададзены Рус. правасл. Царкве.
т. 3, с. 468
ВАЛАВА́Я ПРАДУ́КЦЫЯ,
паказчык, які характарызуе аб’ём прадукцыі ў вартасным (грашовым) выражэнні, атрыманай на прадпрыемстве ці ў адной з галін матэрыяльнай вытв-сці. Уключае канчатковую (гатовую) і прамежкавую (вузлы і дэталі камплектавання, сыравіну і інш.) прадукцыю. Разлічваецца ў супастаўных цэнах і ў цэнах адпаведных гадоў. Адлюстроўвае аб’ём, дынаміку і тэмпы агульнага росту вытв-сці на прадпрыемствах і ў асобных галінах эканомікі, прапорцыі паміж гэтымі галінамі, што можна выкарыстаць для вызначэння перспектыў вытв-сці.
Валавая прадукцыя прамысловасці — сукупнасць гэтай прадукцыі ўсіх прамысл. прадпрыемстваў за пэўны перыяд. Апрача гатовай прадукцыі ўключае кошт спажытых у вытв. працэсе сыравіны, матэрыялаў, паліва, эл. энергіі, а таксама амартызацыю асн. сродкаў. Валавая прадукцыя прадпрыемства вызначаецца пераважна заводскім спосабам: з усяго валавога абароту вылічваецца ўнутрызаводскі абарот (прадукцыя некаторых цэхаў, выкарыстаная на выраб канчатковай прадукцыі ў інш. цэхах). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — сукупная прадукцыя гэтай галіны ў грашовым выражэнні; уключае таксама кошт сродкаў, выкарыстаных у працэсе с.-г. вытвсці (насенне, кармы, амартызацыя будынкаў, машын і т.д.). Вызначаецца ў супастаўных цэнах, па аб’ектах с.-г. вытв-сці, асобных галінах сельскай гаспадаркі і ў цэлым па краіне.
т. 3, с. 468
ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́ , помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
т. 3, с. 468
ВАЛАВО́КА
(Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
т. 3, с. 468
ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства, сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.
т. 3, с. 469
ВАЛАВЫ́ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ ,вартасць (кошт) матэрыяльных даброт, створаных грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год) і прызначаных для задавальнення ўсёй сукупнасці патрэб. Характарызуе ўзровень эканам. развіцця грамадства. У натуральна-рэчыўнай форме складаецца са сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання, у вартаснай — з нанава створанай вартасці (нацыянальны даход) і кошту сродкаў вытв-сці, спажытых у вытв. працэсе (фонд пакрыцця). У статыст. практыцы вызначаецца т.зв. заводскім метадам, як і валавы абарот прадпрыемства.
т. 3, с. 469