Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАМБА́Т

(Vombatus),

род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.

Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.

т. 3, с. 499

ВА́МБЕРЫ

(Vámbéry; сапр. Бамбергер; Bamberger) Армін Герман (19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),

венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф. усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1914.

Літ.:

Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;

Тихонов Н. Вамбери. М., 1974.

т. 3, с. 499

ВАМПІ́ЛАЎ Аляксандр Валянцінавіч

(19.8.1937, пас. Кутулік Іркуцкай вобл., Расія — 17.8.1972),

рускі драматург. Скончыў Іркуцкі ун-т (1960). Апублікаваў зб. гумарыстычных апавяданняў «Збег абставін» (1961, пад псеўд. А.Санін). У п’есах «Дом вокнамі ў поле» (1964), «Развітанне ў чэрвені» (1966), «Старэйшы сын» (1968), «Паляванне на качак» (1970), «Апошнім летам у Чулімску» (1972) вострыя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць герояў па-новаму зірнуць на сябе і свае ўчынкі і зрабіць нялёгкі асабісты выбар. Аўтар сатыр. аднаактовак «Дваццаць мінут з анёлам» і «Гісторыя з метранпажам» (паст. пад агульнай назвай «Правінцыяльныя анекдоты», 1974), п’ес «Варонін гай», «Поспех» (апубл. 1986). Творы Вампілава вызначаюцца псіхалагічна напружаным дзеяннем, якое адбываецца на фоне паўсядзённага жыцця.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Я с вами, люди. М., 1988.

Літ.:

Тендитник Н. Александр Вампилов. Новосибирск, 1979.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 499

ВАМПІ́Р

(франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

ВАМПІ́РЫ

(Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

т. 3, с. 499

ВАМПІРЫ́ЗМ,

рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем садызму і фетышызму, калі фетышам з’яўляецца кроў партнёра. Да вампірызму можна аднесці выпадкі, калі палавы акт суправаджаецца фантастычнымі вобразамі крыві, што льецца. Цяжкія формы вампірызму — нематываваныя забойствы без якіх-небудзь карыслівых мэт або распусных дзеянняў (выгляд крыві можа замяняць палавыя зносіны).

т. 3, с. 500