ВАМПІ́ЛАЎ Аляксандр Валянцінавіч
(19.8.1937, пас. Кутулік Іркуцкай вобл., Расія — 17.8.1972),
рускі драматург. Скончыў Іркуцкі ун-т (1960). Апублікаваў зб. гумарыстычных апавяданняў «Збег абставін» (1961, пад псеўд. А.Санін). У п’есах «Дом вокнамі ў поле» (1964), «Развітанне ў чэрвені» (1966), «Старэйшы сын» (1968), «Паляванне на качак» (1970), «Апошнім летам у Чулімску» (1972) вострыя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць герояў па-новаму зірнуць на сябе і свае ўчынкі і зрабіць нялёгкі асабісты выбар. Аўтар сатыр. аднаактовак «Дваццаць мінут з анёлам» і «Гісторыя з метранпажам» (паст. пад агульнай назвай «Правінцыяльныя анекдоты», 1974), п’ес «Варонін гай», «Поспех» (апубл. 1986). Творы Вампілава вызначаюцца псіхалагічна напружаным дзеяннем, якое адбываецца на фоне паўсядзённага жыцця.
Тв.:
Избранное. М., 1984;
Я с вами, люди. М., 1988.
Літ.:
Тендитник Н. Александр Вампилов. Новосибирск, 1979.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)