ВА́Я,
назва ліста папарацей, звычайна буйнога, моцна расчлянёнага, перыстарассечанага, падобнага на галінку. Марфалагічна адпавядае цэлым буйным галінкам іх верагодных продкаў — рыніяфітаў. Існуць навук. доказы, што лісце папарацей узнікла з галінак у выніку іх сплесквання і абмежавання ў росце. Ваяй таксама наз. лісце пальмаў.
т. 4, с. 51
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром І на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра І у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.
5) Назва гаспадара Валахіі і Малдовы ў 14—18 ст.
т. 4, с. 51
ВАЯВО́ДЗІНА
(Bojboguna, Vojvodina),
тэрыторыя на Пн Саюзнай Рэспублікі Югаславія, у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Харватыяй, Венгрыяй, Румыніяй. Пл. 21,5 тыс. км². Нас. 2013 тыс. чал. (1991), у т. л. сербы (54,4%), венгры (18,9%), група насельніцтва пад саманазвай югаславы (8,2%), а таксама харваты, славенцы, румыны, чарнагорцы і інш. Найб. горад Нові-Сад. Ваяводзіна размешчана ў межах паўд. ч. Сярэднедунайскай раўніны. На ПдЗ краж Фрушка-Гора (выш. да 539 м), на ПдУ адгор’і Паўд. Карпат (выш. да 641 м). Клімат умераны, кантынентальны. Цячэ р. Дунай з прытокамі. Пераважаюць ландшафты асвоеных чарназёмных стэпаў. Гал. с.-г. раён Югаславіі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, каноплі, сланечнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Здабыча нафты і газу. Харч. прам-сць (мукамольная, алейная, масларобная, цукр., пяньковая). Развіта таксама тэкст., машынабуд. (с.-г. і электратэхн.), нафтахім., цэм. прам-сць. Вытв-сць мінер. угнаенняў. Транспарт чыг., аўтамабільны, рачны (па Дунаі і яго прытоках).
Тэр. Ваяводзіны заселена славянамі ў 6—7 ст. З 10 ст. ў складзе Венг. каралеўства. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў (у 1849—60 у складзе іх аўстрыйскіх, у 1860—1918 — венг. зямель). Тут адбыліся антыгабсбургскія (1735) і антыфеад. (1848) выступленні сялян, развіваўся нац.-вызв. (19 ст.) і дэмакр. рух (у 1-ю сусв. вайну). У 1918 Ваяводзіна далучана да Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У 1941 акупіравана ням.-фаш. і венг. войскамі. Вызвалена восенню 1944 Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст. аўт. край у складзе Сербіі. Аўтаномія Ваяводзіна скасавана ў 1990 сербскім урадам.
т. 4, с. 51
ВАЯВО́ДКА,
Ваявудка (Wojewódka) Бярнард (?, Кракаў — 26?.7.1554), польскі матэматык, друкар і перакладчык. Аўтар кн. «Алгарытм — навука лічбы» (Кракаў, 1553). У 1553 пераехаў з Кракава ў Брэст, дзе ўзначаліў адну з Брэсцкіх друкарняў. Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам (Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса), адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху. Верагодна, удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Брэсцкай бібліі (1563).
т. 4, с. 51
ВАЯВО́ДСКІ Уладзіслаў Уладзіслававіч
(25.7.1917, С.-Пецярбург — 20.2.1967),
савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1940). З 1940 у НДІ і ВНУ Масквы, з 1959 у Ін-це хім. кінетыкі і гарэння Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па хім. кінетыцы. Распрацаваў асн. пытанні тэорыі акіслення вадароду, колькасную тэорыю крэкінгу алефінавых вуглевадародаў. Развіў ланцуговую тэорыю гетэрагеннага каталізу (разам з М.М.Сямёнавым і Ф.Ф.Валькінштэйнам). Даследаваў механізм гетэрагенна-каталітычных рэакцый, з дапамогай метаду электроннага парамагнітнага рэзанансу свабоднарадыкальныя рэакцыі. Дзярж. прэмія СССР 1968.
Тв.:
Физика и химия элементарных химических процессов. М., 1969.
т. 4, с. 51
ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваявоствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
т. 4, с. 51
ВАЯ́Н
(Vaillant) Андрэ (3.11.1890, г. Суасон, Францыя — 23.4.1977),
французскі мовазнавец. З 1920 праф. Вышэйшай школы ў Парыжы. Даследаваў стараслав. мову («Падручнік стараславянскай мовы», т. 1—2, 1948), гіст. граматыку і лексікалогію слав. моў («Параўнальная граматыка славянскіх моў», т. 1—5, 1950—77). Рэд. «Revue des études slaves» («Агляд славянскіх даследаванняў»).
т. 4, с. 52
ВАЯ́Н
(Vailland) Ражэ Франсуа (16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус. пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.
Тв.:
Рус. пер. — [Избранное]. М., 1978.
Літ.:
R. Vailland // Europe. 1988. № 712/713.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 52