ВАЯ́Н
(Vailland) Ражэ Франсуа (16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус. пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.
Тв.:
Рус. пер. — [Избранное]. М., 1978.
Літ.:
R. Vailland // Europe. 1988. № 712/713.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)