ВАШЧА́НКА Максім Ярмалініч

(1650-я г., Магілёў — 1708),

бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.

А.М.Пікулік.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)