ВАД,
мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2·nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).
Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.
т. 3, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)