ВАДАЗБО́Р,

вадазборны басейн, вадазборная плошча, 1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)