ВАГА́НАВА Агрыпіна Якаўлеўна

(26.6.1879, С.-Пецярбург — 5.11.1951),

руская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1934). Скончыла Пецярбургскае харэаграфічнае вучылішча (1897). У 1897—1916 у Марыінскім т-ры, «царыца варыяцый». З 1921 выкладала ў Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы (з 1946 праф.; цяпер Акадэмія рускага балета імя Ваганавай). Сярод партый: Сванільда, Наіла («Капелія», «Ручай» Л.Дэліба), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Гаспадыня дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана). Пед. сістэма Ваганавай дала новае развіццё выканальніцкім прынцыпам (методыка выкладзена ў кн. «Асновы класічнага танца», 1934). Сярод вучаніц Ваганавай: М.Сямёнава, Г.Уланава, Н.Дудзінская, Х.Калпакова, А.Асіпенка, Т.Вячэслава. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)