ВАЗАПРЭСІ́Н,

антыдыурэтычны гармон, нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)