ВАВЁРКІ

(Sciurus),

род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).

Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)