А́ЙДА́ХА
(Idaho),
штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс. км²; нас. 1099 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар. насельніцтва каля 50%. На б. ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля 1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.
т. 1, с. 174
АЙДУКЕ́ВІЧ
(Ajdukiewicz) Казімеж (12.12.1890, г. Цярнопаль, Украіна — 12.4.1963),
польскі логік, філосаф. Правадзейны чл. Польскай АН (з 1952). Праф. Львоўскага, Варшаўскага ун-таў (1925—38). У 1938 узначаліў Пазнанскае філас. т-ва, з 1953 гал. рэдактар час. «Studia logica» («Лагічныя даследаванні»). Прадстаўнік львоўска-варшаўскай школы, якая ставіла задачу лагічнага абгрунтавання і ўмацавання рацыяналізму ў процівагу ірацыяналізму. Паводле філас. поглядаў быў блізкі да ідэй лагічнага пазітывізму. Распрацаваў логіка-семантычную канцэпцыю значэння як спосабу ўжывання тэрміна ў пэўнай канцэптуальнай сістэме тэорыі лагічнага вываду, індуктыўнай логікі, азначэння, лагічнай семантыкі і сінтаксісу.
Тв.:
Język i poznanie. T. 1—2. Warszawa, 1960—65: The scientific world-perspective and other essays, 1931—63. Dordrecht, 1978.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 174
АЙДЫ́Н
(сапр. Сабірава Манзура; 1906, Ташкент — 30.5.1953),
узбекская пісьменніца. Скончыла Самаркандскі ун-т (1931). Жыццё узб. жанчыны, праблемы кахання і сям’і — асноўнае ў яе творах: зб-ках вершаў «Песні світанку» (1931), «Умелыя рукі» (1932), зб. апавяданняў «Дзяўчаты» (1943), «Шырын прыйшла» (1944), «Мужнасць-вечнасць» (1947), навел і нарысаў пра мінулае узб. народа, п’есе «Шлях да новага» (1925).
т. 1, с. 175