АЙВА́
(Cydonia),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.
Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.
т. 1, с. 174
АЙВАЗО́ЎСКІ
(Гайвазоўскі) Іван Канстанцінавіч (29.7.1817, г. Феадосія — 2.5.1900),
расійскі мастак. Марыніст. У 1833—37 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1887 яе ганаровы член. З 1845 жыў у Феадосіі. Творы Айвазоўскага вылучаюцца рамантычным бачаннем, багатай колеравай гамай, паказам складаных і эфектных з’яў прыроды, імкненнем да гераізацыі. Аўтар каля 6 тыс. карцін, малюнкаў, акварэляў, у т. л. «Дзевяты вал» (1850), «Бура на Паўночным моры» (1865), «Вясёлка» (1873), «Сярод хваляў» (1898) і інш. Пісаў таксама батальныя кампазіцыі: «Чэсменскі бой», «Наварынскі бой» (абедзве 1843); жанравыя палотны («Вяселле на Украіне», 1891); партрэты [А.М.Айвазоўская, 1882, «Развітанне Пушкіна з морам» (з І.Рэпіным), 1887] і інш. У 1880 заснаваў карцінную галерэю ў Феадосіі. У Нац. мастацкім музеі Беларусі зберагаюцца «Пётр І каля Краснай Горкі» (1846), «Ноч на востраве Родас» (1850), «Бура» (1852), «Месячны пейзаж» (1855), «Раніца на моры» (1883) і інш.
Б.А.Лазука.
т. 1, с. 174
АЙВЗ,
Айвс (Ives) Чарлз Эдвард (20.10.1874, г. Данберы, штат Канектыкут, ЗША — 19.5.1954), амерыканскі кампазітар. Выпрацаваў своеасаблівы кампазітарскі стыль, незалежны ад еўрап. традыцый. На аснове мелодый амер. песень і гімнаў стварыў арыг. сінтэз папулярнай і прафес. музыкі. Выкарыстоўваў наватарскія прыёмы, многія з якіх прадвызначылі пошукі кампазітараў Зах. Еўропы.
Тв.:
Кантата «Нябесная краіна» (1889);
5 сімфоній (1898—1915), сюіты, уверцюра, праграмныя п’есы для сімф. арк.;
камерна-інстр. ансамблі;
п’есы для аргана і фп.;
хары, песні.
Літ.:
Ивашкин А. Чарльз Айвз и музыка XX в. М., 1991.
т. 1, с. 174