АЙВАЗО́ЎСКІ
(Гайвазоўскі) Іван Канстанцінавіч (29.7.1817, г. Феадосія — 2.5.1900),
расійскі мастак. Марыніст. У 1833—37 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1887 яе ганаровы член. З 1845 жыў у Феадосіі. Творы Айвазоўскага вылучаюцца рамантычным бачаннем, багатай колеравай гамай, паказам складаных і эфектных з’яў прыроды, імкненнем да гераізацыі. Аўтар каля 6 тыс. карцін, малюнкаў, акварэляў, у т. л. «Дзевяты вал» (1850), «Бура на Паўночным моры» (1865), «Вясёлка» (1873), «Сярод хваляў» (1898) і інш. Пісаў таксама батальныя кампазіцыі: «Чэсменскі бой», «Наварынскі бой» (абедзве 1843); жанравыя палотны («Вяселле на Украіне», 1891); партрэты [А.М.Айвазоўская, 1882, «Развітанне Пушкіна з морам» (з І.Рэпіным), 1887] і інш. У 1880 заснаваў карцінную галерэю ў Феадосіі. У Нац. мастацкім музеі Беларусі зберагаюцца «Пётр І каля Краснай Горкі» (1846), «Ноч на востраве Родас» (1850), «Бура» (1852), «Месячны пейзаж» (1855), «Раніца на моры» (1883) і інш.
Б.А.Лазука.
т. 1, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)