АЙРА́ВАТА,
у стараж.-індыйскай міфалогіі прабацька сланоў. Паводле міфа, Айравата і яшчэ 7 сланоў (дыгаджы), з’явіўшыся на свет з шалупіння яйка Брахмы, сталі захавальнікамі 8 напрамкаў (краін) свету. Айравата — захавальнік усходу, лічыцца баявым сланом Індры.
т. 1, с. 176
АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА,
Джунгарскае ханства, феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.
т. 1, с. 176
А́ЙРТАН
(Ireton) Генры (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),
дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам І, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).
т. 1, с. 176
АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.
Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.
М.П.Грынь.
т. 1, с. 176
АЙРЭ́Н,
монастрафічны верш у армянскай сярэдневяковай паэзіі. Складаецца з чатырох 15-складовых радкоў, звязаных адной рыфмай. У сучаснай паэзіі айрэнам напісаны многія лір. мініяцюры (дарчыя надпісы і інш.). У бел. паэзіі сустракаецца ў М.Танка («Айрэн»).
т. 1, с. 176