Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЙКАНІ́МІКА

(ад грэч. oikos жыллё + onyma імя),

раздзел тапанімікі, які вывучае айконімы — уласныя назвы паселішчаў.

т. 1, с. 175

АЙКІДО́

(яп. літар. шлях спасціжэння гармоніі),

разнавіднасць самаабароны без зброі. Адзін з найб. складаных у асваенні відаў адзінаборстваў усходніх. Сучасная сістэма айкідо створана яп. майстрам Марыхеі Уешыба (1883—1969). Прыёмы разлічаны на адбіццё нападу аднаго ці некалькіх праціўнікаў. Атакуючых прыёмаў ці дзеянняў у айкідо няма, таму спарт. спаборніцтвы не праводзяцца. На Беларусі развіваецца з пач. 1980-х г.

т. 1, с. 175

АЙКУМЕ́НА,

экумена (грэч. oikumenē ад oikeō насяляю), сукупнасць заселеных людзьмі тэрыторый зямнога шара. У Стараж. Грэцыі вядомая грэкам заселеная частка зямлі з Эладай у цэнтры. Уключала Паўд., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропу да Каспійскага м., Малую і Пярэднюю (Зах.) Азію, Аравію, Індыю і Паўн. Афрыку. Паняцце «айкумена» ўвёў стараж.-грэч. гісторык і географ Гекатэй Мілецкі ў творы «Землеапісанне».

т. 1, с. 175