А́ЙДА́ХА
(Idaho),
штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс. км²; нас. 1099 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар. насельніцтва каля 50%. На б. ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля 1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.
т. 1, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)