Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕН-ГУРЫЁН Давід

(16.10.1886, г. Плоньск, Польшча — 1.12.1973),

дзяржаўны дзеяч Ізраіля. Прымкнуў да Сіянісцкага сацыялістычнага руху ў Польшчы. У 1906 эмігрыраваў у Палесціну, дзе быў абраны ў ЦК сіянісцкага рабочага руху Паалей Цыён. У 1916—18 засн. у ЗША арг-цыі Хехалуц і Яўрэйскі легіён. З 1920 чл. Галоўнай рады Сусв. сіянісцкай арг-цыі. У 1921—35 кіраўнік арг-цыі Хістадрут. У 1930—63 лідэр партыі Мапаі. У 1935—48 старшыня прэзідыума Яўр. Агенцтва. У 1948—53, 1955—63 прэм’ер-міністр, міністр абароны Ізраіля. Аўтар публікацый па пытаннях узнікнення дзяржавы Ізраіль і яе адносін з араб. краінамі.

т. 3, с. 96

БЕН-НЕ́ВІС

(Ben Nevis),

самая высокая вяршыня Вялікабрытаніі, у Грампіянскіх гарах (Шатландскае нагор’е). Выш. 1343 м. Складзена з гранітаў і андэзітаў, укрыта горнымі лугамі.

т. 3, с. 100

БЕН БЕ́ЛА Ахмед

(н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

БЕО́ТЫЯ

(Boiōtia),

старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).

т. 3, с. 102

БЕ́ПУ,

бальнеакліматычны курорт у Японіі. На беразе аднайм. заліва, каля падножжа вулканічнага масіву на в-ве Кюсю. Развіваецца з 19 ст. (мінер. крыніцы выкарыстоўвалі з 17 ст.). Субтрапічны вільготны мусонны клімат і мінер. воды, каля 2 тыс. гарачых (да 100 °C) крыніц, пясочныя сульфідныя ванны на пляжы, спрыяльныя пры лячэнні хвароб апорна-рухальнага апарату і перыферычнай нерв. сістэмы. Шмат санаторыяў, гасцініц, пансіянатаў. Бальнеалагічны і вулканалагічны НДІ.

т. 3, с. 103

БЕ́РАГ,

паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл. Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.

Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл. Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.

На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.

Літ.:

Берега. М., 1991.

Л.У.Мар’іна.

т. 3, с. 103

БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,

сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваеннамарскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.

т. 3, с. 103

БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Бл. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.

т. 3, с. 103

БЕРАГАВО́Й Георгій Цімафеевіч

(15.4.1921, с. Фёдараўка Карлаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1995),

савецкі касманаўт. Ген.-лейт. авіяцыі (1977), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1968), лётчык-касманаўт СССР (1968), засл. лётчык-выпрабавальнік СССР (1961). Скончыў Ваеннапаветр. акадэмію (цяпер імя Ю.А.Гагарына; 1956). У 1964—69 у атрадзе сав. касманаўтаў. 26—30.10.1968 пілатаваў касм. карабель «Саюз-3», адпрацоўваў збліжэнне з беспілотным касм. караблём «Саюз-2». Працягласць палёту 3,95 сут. У 1972—87 нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР, залаты медаль імя Ю.А.Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 3, с. 103

БЕРАГАВЫ́Я КАРДЫЛЬЕ́РЫ А́НДАЎ,

мерыдыянальны ланцуг хрыбтоў у сістэме Андаў ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак., у Калумбіі, Эквадоры, Перу і Чылі. У Калумбіі (Серанія-дэ-Баўдо) утвораныя пераважна пясчанікамі і мергелямі, выш. да 1810 м, моцна расчлянёныя рэкамі. Ў Эквадоры складзены з пясчанавапняковых матэрыялаў, выш. масіваў да 1800 м. На тэр. Перу асобныя астанцовыя хрыбты выш. да 1780 м. У Чылі — адзіны, моцна расчлянёны хрыбет выш. да 3200 м. На Пн тэр. Перу і Чылі прадстаўлены мезазойскімі, на Пд — палеазойскімі адкладамі, пранізаны мелавымі інтрузіямі, з шматлікімі радовішчамі медных рудаў (Эль-Тофа і інш.). Ад 34 °C паўд. ш. да п-ва Тайтао масівы складзены са стараж. крышт. і метамарфічных парод, далей на Пд за 41°31′ паўд. ш. пераходзяць у астраўны Чылійскі архіпелаг.

т. 3, с. 104