Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМІ́ТЫ (Isoptera),

атрад насякомых. 6 сям., каля 2600 відаў. Найб. прымітыўная група сярод грамадскіх насякомых. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў гнёздах у глебе або драўніне, некат. віды — у тэрмітніках (надземных гнёздах выш. да 15 м). Рыючая дзейнасць Т. — важны фактар глебаўтварэння. Асн. разбуральнікі расл. рэшткаў у тропіках; некат. віды шкодзяць раслінам, разбураюць драўляныя збудаванні і інш. Найб. небяспечны паўднёваафр. Т. усёразбуральны (Bellicositermes natalensis).

Сям’я складаецца з некалькіх кастаў: здольныя да размнажэння самка («царыца», даўж. да 14 см, з гіпертрафіраванымі яечнікамі) і самец (значна меншы); бяскрылыя стэрыльныя рабочыя асобіны, знешне падобныя да лічынак, буйныя і дробныя (даўж. да 1,5 см; асн., найб. шматлікая ч. сям’і), нарыхтоўваюць корм, кормяць самку, клапоцяцца аб патомстве; «салдаты» (даўж. да 2 см), што абараняюць сям’ю ад ворагаў — інш. відаў Т., мурашак. У крылатых асобін 2 пары аднолькавых перапончатых крылаў, якія пасля раення і спароўвання абломліваюцца. Бяскрылыя асобіны светлыя (адсюль устарэлая назва — белыя мурашкі). У рабочых асобін і «салдат» вочы недаразвітыя або адсутнічаюць, ротавыя органы грызучыя. Кормяцца расл. рэшткамі, пэўнымі грыбамі, што вырошчваюць у т.зв. «грыбных садах». Засваенне корму (клятчаткі) адбываецца з дапамогай сімбіятычных кішэчных прасцейшых (жгуцікавых). Ператварэнне няпоўнае.

А.​М.​Петрыкаў.

Тэрміты: 1 — тэрмітнік; 2 — самка; 3 — самец; 4 — рабочы; 5 — салдат.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, цеплавое забруджванне,

празмернае павышэнне т-ры навакольнага асяроддзя; адна з форм фізічнага забруджвання. Асн. крыніцы Т.з.: ЦЭС, АЭС, прамысл. і камунальныя прадпрыемствы, цеплатрасы і інш. На ахалоджванне агрэгатаў ЦЭС і АЭС у прамыслова развітых краінах расходуюць да 40—60% вод паверхневага сцёку. Т-ра вады ў месцах выпуску з ахаладжальных сістэм электрастанцый на 8—10 °C вышэй, чым у прыродных вадаёмах летам, з-за чаго парушаюцца тэмпературны, газавы, салявы, біял. рэжымы. Ва ўмовах Беларусі павышэнне т-ры да 25—26 °C стымулюе рост, развіццё большасці відаў водных арганізмаў, узмацняе «цвіценне» вады, паскарае зарастанне мелкаводдзяў макрафітамі і інш. Пры т-ры 27—30 °C збядняецца відавы склад флоры і фауны вадаёмаў, узмацняецца развіццё сапрафітнай мікрафлоры, ствараюцца ўмовы для замору водных жывёл. Пабочны фактар Т.з. — таксічнае ўздзеянне шкодных дамешкаў у вадзе і паветры.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

сукупнасць аперацый цеплавога ўздзеяння на матэрыялы (у асноўным металы і сплавы) з мэтай патрэбнай змены іх структуры і ўласцівасцей. Ажыццяўляецца ў тэрмічных печах.

Заключаецца ў награванні матэрыялу да пэўнай т-ры, адпаведнай вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні з зададзенай скорасцю. Асн. віды Т.а.: адпал, загартоўка, водпуск, штучнае старэнне металаў, нармалізацыя (награванне сталі да т-р аўстэнітнага стану, прыкладна да 750—950 °C, вытрымка і ахаладжэнне на паветры для надання аднароднай дробназярністай структуры), патэнцыраванне (награванне дроту да 870—950 °C, хуткае ахаладжэнне ў солевым або свінцовым расплаве, вытрымка і наступнае ахаладжэнне на паветры або ў вадзе з мэтай павелічэння абціскання пры валачэнні і павышэння трываласці). Цеплавое ўздзеянне можа спалучацца з дэфармацыйным (тэрмамеханічная апрацоўка), хімічным (хіміка-тэрмічная апрацоўка), магнітным (тэрмамагн. апрацоўка). Разнавіднасці Т.а. — ізатэрмічная апрацоўка, электратэрмічная апрацоўка, лазерная (метал награваюць выпрамяненнем лазера) і інш.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ЧНАЯ ПЕЧ,

прамысловая печ для тэрмічнай апрацоўкі метал. вырабаў.

Класіфікуюцца па прызначэнні (печы для загартоўкі, адпалу, хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, цэментацыі і інш.), спосабе нагрэву (электрычныя печы, полымныя печы, ускоснага нагрэву), канструкцыі (вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы, ванныя, каўпаковыя, прахадныя, тунэльныя і інш.), асяроддзі рабочай прасторы (з некантралюемым паветраным, кантралюемым ахоўным газавым, вадкім асяроддзем), рэжыме работы (перыядычнага, паўперыядычнага, пульсоўнага і бесперапыннага дзеяння). Пашыраны таксама паточныя загартовачна- і нармалізацыйна адпускныя, нітрацэментацыйныя (для нітрацэментацыі) і інш. печы.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

тое, што цеплавыя паясы.

т. 16, с. 141

ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.

Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-р не мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).

Літ.:

Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;

Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ. М., 1978.

т. 16, с. 141

ТЭРМІ́ЧНЫ ЭКВА́ТАР, цеплавы экватар,

лінія, якая злучае пункты з найб. высокімі каля зямной паверхні сярэднімі тэмпературамі паветра. У студзені ён прыкладна супадае з геагр. экватарам (сярэдняя т-ра каля 26 °C), у ліп. знаходзіцца каля Паўн. тропіка (сярэдняя т-ра каля 28 °C), вясной і восенню размешчаны каля 10° паўн. ш. У больш шырокім паняцці Т.э. — паласа паміж 20° паўн. ш. і 10° паўд. ш. з найб. высокімі на зямным шары сярэднегадавымі т-рамі паветра.

т. 16, с. 141

ТЭРМО́ГРАФ (ад тэрма... + ...граф),

прылада для бесперапыннай рэгістрацыі тэмпературы паветра. Адчувальныя элементы Т.: біметал. пласціна, вадкасны тэрмометр або тэрмометр супраціўлення. Найб. пашыраны Т. з выгнутай біметал. пласцінай, якая дэфармуецца пры змене т-ры. Перамяшчэнне канца пласціны перадаецца стрэлцы з пяром і фіксуецца на дыяграмнай стужцы ў выглядзе крывой. На метэаралагічных станцыях Т. ўстанаўліваюць у будцы для самапісцаў на выш. 2 м над паверхняй зямлі.

т. 16, с. 141

ТЭРМО́МЕТР (ад тэрма... + ...метр),

прылада для вымярэння тэмпературы. Прынцып дзеяння грунтуецца на розных фіз. з’явах, залежных ад т-ры (цеплавым расшырэнні газаў, вадкасцей і цвёрдых цел, узнікненні тэрмаЭРС і інш.). З’явіліся ў канцы 16 — пач. 17 ст. (тэрмаскоп Галілея, спіртавыя фларэнційскія Т. і інш.). Адрозніваюць Т. газавыя, вадкасныя, тэрмаэл. (гл. Тэрмапара) Т. супраціўлення і інш.

У газавых Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца азот, вадарод, гелій і інш.; іх дзеянне заснавана на Гей-Люсака законе (вымяраюць т-ру ад 3 да 2300 К). Дзеянне манаметрычных Т. грунтуецца на ўласцівасці газаў, вадкасцей і пары ў замкнутым аб’ёме змяняць ціск пры зменах т-ры (вымяраюць т-ру ад 200 да 8000 К). У вадкасных Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца ртуць, спірт, пентан, талуол; іх дзеянне заснавана на лінейнай залежнасці (у пэўным дыяпазоне т-р) змен аб’ёму ад т-ры (вымяраюць т-ру ад 70 да 1500 К). Дзеянне Т. супраціўлення грунтуецца на залежнасці электрычнага супраціўлення чыстых металаў, сплаваў і паўправаднікоў ад т-ры. Найб. пашыраны такія Т. з бронзы (вымяраюць т-ру ад 1 да 4 К), германію (4,2—13,8 К), індыю (4—300 К), плаціны (14—900 К). Дзеянне біметалічных Т. заснавана на адрозненнях цеплавога расшырэння рэчываў, з якіх зроблены іх адчувальныя элементы; кварцавых Т. — на тэмпературнай залежнасці рэзананснай частаты п’езакварцу і інш. Існуюць таксама Т. спец. прызначэння, напр., метэаралагічныя, глыбакаводныя, гіпсатэрмометры. Т. шырока карыстаюцца ў побыце, а таксама ў розных галінах навукі і тэхнікі.

П.​С.​Габец.

Да арт. Тэрмометр: а — газавы (1 — рэзервуар з газам; 2 — капіляр; 3 — ртутны індыкатар); б — манаметрычны (1 — тэрмаметрычны балон; 2 — капіляр; 3 — манаметрычная спружына); в — адчувальны элемент тэрмометра супраціўлення (1 — сярэбраныя вывады; 2 — сярэбраная стужка; 3 — абмотка з плацінавага проваду).

т. 16, с. 141

ТЭРМО́ПСІС (Thermopsis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў стэпавай, паўпустыннай зонах і ў гарах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца па берагах рэк і азёр, уздоўж дарог, на пустках, як пустазелле ў пасевах.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаргаванае, трайчастае, з буйнымі прылісткамі. Кветкі звычайна жоўтыя, у верхавінкавых гронках. Плод — струк. Найб. пашыраны Т. ланцэтны (T. lanceolata) — злоснае пустазелле, ядавітая (асабліва лісце і насенне), лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Тэрмопсіс ланцэтны.

т. 16, с. 141