ТЭРМО́МЕТР (ад тэрма... + ...метр),

прылада для вымярэння тэмпературы. Прынцып дзеяння грунтуецца на розных фіз. з’явах, залежных ад т-ры (цеплавым расшырэнні газаў, вадкасцей і цвёрдых цел, узнікненні тэрмаЭРС і інш.). З’явіліся ў канцы 16 — пач. 17 ст. (тэрмаскоп Галілея, спіртавыя фларэнційскія Т. і інш.). Адрозніваюць Т. газавыя, вадкасныя, тэрмаэл. (гл. Тэрмапара) Т. супраціўлення і інш.

У газавых Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца азот, вадарод, гелій і інш.; іх дзеянне заснавана на Гей-Люсака законе (вымяраюць т-ру ад 3 да 2300 К). Дзеянне манаметрычных Т. грунтуецца на ўласцівасці газаў, вадкасцей і пары ў замкнутым аб’ёме змяняць ціск пры зменах т-ры (вымяраюць т-ру ад 200 да 8000 К). У вадкасных Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца ртуць, спірт, пентан, талуол; іх дзеянне заснавана на лінейнай залежнасці (у пэўным дыяпазоне т-р) змен аб’ёму ад т-ры (вымяраюць т-ру ад 70 да 1500 К). Дзеянне Т. супраціўлення грунтуецца на залежнасці электрычнага супраціўлення чыстых металаў, сплаваў і паўправаднікоў ад т-ры. Найб. пашыраны такія Т. з бронзы (вымяраюць т-ру ад 1 да 4 К), германію (4,2—13,8 К), індыю (4—300 К), плаціны (14—900 К). Дзеянне біметалічных Т. заснавана на адрозненнях цеплавога расшырэння рэчываў, з якіх зроблены іх адчувальныя элементы; кварцавых Т. — на тэмпературнай залежнасці рэзананснай частаты п’езакварцу і інш. Існуюць таксама Т. спец. прызначэння, напр., метэаралагічныя, глыбакаводныя, гіпсатэрмометры. Т. шырока карыстаюцца ў побыце, а таксама ў розных галінах навукі і тэхнікі.

П.​С.​Габец.

Да арт. Тэрмометр: а — газавы (1 — рэзервуар з газам; 2 — капіляр; 3 — ртутны індыкатар); б — манаметрычны (1 — тэрмаметрычны балон; 2 — капіляр; 3 — манаметрычная спружына); в — адчувальны элемент тэрмометра супраціўлення (1 — сярэбраныя вывады; 2 — сярэбраная стужка; 3 — абмотка з плацінавага проваду).

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)