Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАЗЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-я пал. 12—10 ст. да нашай эры) на тэр. стэпавай зоны Паўн. Прычарнамор’я (Украіна). Назва ад паселішча на беразе Белазерскага лімана каля г. Каменка-Дняпроўская (Запарожская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных глінабітных жытлах з каменнымі падмуркамі і паўзямлянках. Аснова гаспадаркі — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых (большасць) і курганных могільніках. Характэрны грубыя кухонныя гаршкі з наляпнымі валікамі і глянцаваны сталовы посуд, арнаментаваны канелюрамі, зубчатым штампам. Магчыма, носьбітамі Белазерскай культуры былі іранцы. Большасць даследчыкаў разглядае Белазерскую культуру як этап позназрубавай культуры, некаторыя — як позні этап сабацінаўскай культуры або як асобную культуру, блізкую да помнікаў тыпу фракійскага гальштата.

т. 2, с. 386

БЕЛАЗЕ́РСКІ Андрэй Мікалаевіч

(29.8.1905, г. Ташкент — 31.12.1972),

савецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі ў СССР. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1927). З 1930 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1946 у Ін-це біяхіміі. У 1971—72 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па хіміі і біяхіміі бялкоў. Адкрыў ДНК у вышэйшых раслін. Вызначыў універсальнасць распаўсюджання нуклеінавых к-т у жывой прыродзе. Прадказаў існаванне інфармацыйнай РНК (разам з А.С.Спірыным, 1957).

Тв.:

Нуклеиновые кислоты и их связь с эволюцией, филогенией и систематикой организмов. Ташкент, 1969;

Биохимия нуклеиновых кислот и нуклеопротеидов: Избр. тр. М., 1976.

т. 2, с. 386

БЕЛАЗУ́БКІ

(Crocidura),

род млекакормячых жывёл сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Еўразіі. На Беларусі рэдка трапляюцца 2 віды: белазубка белабрухая (Crocidura leucodon) і белазубка малая (Crocidura suaveolens).

Даўж. цела 4—15 см, хваста 4—11 см. Нагадваюць мышэй. Шкурка зверху цёмна-бурая, знізу светлая, амаль белая. На хвасце рэдкія доўгія валаскі. Вушы адносна вялікія, зубы белыя (адсюль назва). Карысныя, кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх лічынкамі.

т. 2, с. 386

БЕЛАКАЗО́ВІЧ

(Białokozowicz) Базылі (н. 2.1.1932, в. Відова Беластоцкага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец. Д-р філал. н. (1972). Ганаровы д-р С.-Пецярбургскага ун-та (1981). Скончыў філал. (1956) і гіст. (1957) ф-ты Ленінградскага ун-та. З 1957 выкладчык Варшаўскага ун-та, з 1973 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН, з 1992 у Апольскім пед. ін-це. З 1976 віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі выкладчыкаў рус. мовы і л-ры. Даследуе бел. л-ру 19 ст., творчасць польска-бел. пісьменнікаў, узаемасувязі польскай, бел., рус., укр. і літоўскай л-р, бел. матывы ў польскай і польскія ў бел. л-рах. Аўтар манаграфій «3 гісторыі ўзаемных польска-рускіх літаратурных сувязяў у XIX стагоддзі» (1971), «Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой» (1995). Бел. тэматыцы прысвечаны яго арт. «Беларуская мова і польская культура» (1957), «Слаўныя людзі Падляшша: Міхась Баброўскі» (1958), «Вялікі сябар беларусаў Тадэвуш Урублеўскі» (1963), «Адам Міцкевіч і Аляксандр Герцэн аб літаграфіі «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб») Юзафа Азямблоўскага» (1967). Склаў анталогію «Польшча ў савецкай паэзіі» (1977), куды ўключыў вершы Я.Коласа, Я.Пушчы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Лойкі, Е.Лось, Я.Сіпакова і інш.

т. 2, с. 386

БЕЛАКАПЫ́ТНІК

(Petasites),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.

т. 2, с. 386

БЕЛАКВЕ́ТНІК

(Leucojum),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.

Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).

т. 2, с. 386

БЕЛАКО́З Адольф Сцяпанавіч

(каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у тым ліку «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

БЕЛАКРО́ЎЕ,

тое, што лейкоз.

т. 2, с. 387

БЕЛАКРЫ́ЛАЯ КРА́ЧКА,

гл. ў арт. Крачкі.

т. 2, с. 387

БЕЛАКРЫ́ЛКІ,

гл. Алейрадзіды.

т. 2, с. 387