БЕКЕРЭ́ЛЬ,
адзінка актыўнасці нукліда ў радыеактыўнай крыніцы (актыўнасці ізатопа) у СІ. Абазначаецца Бк. 1 Бк роўны актыўнасці нукліда, пры якой за 1 с адбываецца 1 акт распаду. Названа ў гонар франц. фізіка А.А.Бекерэля (гл. ў арт. Бекерэль). 1 Бк=2,703·10-11 кюры.
т. 2, с. 376
БЕ́КЕТ
(Beckett) Сэмюэл Барклі (13.4.1906, Дублін — 22.12.1989),
пісьменнік. Па паходжанні ірландзец. Пісаў на фанц. і англ. мовах. Скончыў Трыніты-каледж у Дубліне (1927). Быў сакратаром Дж.Джойса. Удзельнік франц. Руху Супраціўлення. Адзін з заснавальнікаў абсурду драмы («У чаканні Гадо», 1952; «Канец гульні», 1957; «Апошняя стужка Крапа», 1959; і інш.). У п’есе «Катастрофа» (1982) выступіў супраць абмежавання свабоды мастака. Тэкст раманаў «Мёрфі» (1938), «Малой», «Малон памірае» (абодва 1951), «Невыказны», «Уот» (абодва 1953), «Як гэта» (1961) — алагічны, без сувязі «паток свядомасці». Аўтар зб-каў апавяданняў («Больш уколаў, чым штуршкоў», 1934), вершаў («Кастаньеты рэха», 1936) і артыкулаў («Кавалкі і абрыўкі», 1977), анталогіі «Я не магу працягваць, я працягваю» (1976), эсэ пра М.Пруста (1931) і Джойса (1936). У яго творах знайшла ўвасабленне экзістэнцыялісцкая канцэпцыя свету і чалавека. На бел. мову п’есу Бекета «Не я» пераклаў Л.Баршчэўскі (у кн. «Пры зачыненых дзвярах», 1995). Нобелеўская прэмія 1969.
Тв.:
Рус. пер. — В ожидании Годо // Иностр. лит. 1966. № 10;
Изгнанник: Пьесы и рассказы. М., 1989;
(Пьесы) // Театр парадокса. М., 1991;
Театр. М., 1992.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968;
Лявонава Е.А. Жыццё ідзе? // Культура. 1994. № 39.
Е.А.Лявонава.
т. 2, с. 376
БЕ́КЕШ Каспар
(1520, Трансільванія — 7.11.1579),
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и обшественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
т. 2, с. 377
БЕ́КІШ Освальд-Ян Лявонавіч
(н. 27.8.1938, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. імунолаг. Д-р біял. н. (1973), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1974 у Віцебскім мед. ін-це (з 1991 прарэктар). Навук. працы па даследаванні ролі алергічных рэакцый у патагенезе гельмінтозаў і ўплыў на іх спецыфічнай і патагенетычнай тэрапіі. Медаль Ц.І.Скрабіна УАСГНІЛ 1984.
Тв.:
Медицинская паразитология. Л, 1989;
Тропическая паразитология. Витебск, 1995 (разам з Л.А.Храмцовай).
т. 2, с. 377
БЕКЛЯМІ́ШАЎ Уладзімір Аляксандравіч
(16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),
рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.А.Рыцоні, 1902, А.І.Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.П.Боткіну ў Пецярбургу (1908).
т. 2, с. 377
БЕКЛЯМІ́ШАЎ Уладзімір Мікалаевіч
(4.10.1890, г. Гродна — 4.9.1962),
савецкі заолаг, заснавальнік навук. школы паразітолагаў і мед. энтамолагаў. Акад. АМН (1945) і правадзейны чл. Польскай АН (1949), праф. (1920). Засл. дз. н. РСФСР (1947). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). З 1920 у Пермскім ун-це, з 1932 у Ін-це малярыі, мед. паразіталогіі і гельмінталогіі ў Маскве, з 1934 у Маскоўскім ун-це. Стварыў вучэнне пра малярыйныя ландшафты ў СССР, распрацаваў практычныя мерапрыемствы па ліквідацыі малярыі ў краіне. Навук. працы па параўнальнай анатоміі беспазваночных, біяцэналогіі, параўнальнай і эвалюцыйнай паразіталогіі. Дзярж. прэмія СССР 1944, 1952.
Тв.:
Учебник медицинской энтомологии. Ч. 1—2. М., 1949;
Основы сравнительной анатомии беспозвоночных. Т. 1—2. 3 изд. М., 1964.
т. 2, с. 377
БЕ́КМАН
(Beckmann) Макс (12.2.1884, Лейпцыг — 27.12.1950),
нямецкі жывапісец, графік. Вучыўся ў маст. школе ў Веймары, Парыжы і Жэневе (1903—04). З 1904 працаваў у Берліне, з 1937 у эміграцыі. Экспрэсіянісцкімі прыёмамі ўвасабляў трагедыю асуджанага на пагібель чалавецтва: цыклы афортаў «Твары» (1914—18), літаграфіі «Ноч», «Пекла» (1918—19), трыптыхі «Ад’езд» (1935) і «Арганаўты» (1949—50). Ствараў драм. кампазіцыі, часта з глыбокім падтэкстам, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Узнясенне» (1909), «Зняцце з крыжа» (1917), «Старая акторка» (1926), «Аўтапартрэт у смокінгу», «Вялікі нацюрморт з падзорнай трубой» (абодва 1927), «Лунаючы» (1944) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 377
БЕКМА́НІЯ
(Beckmannia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.
Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.
т. 2, с. 377