АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс. км², найб. глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласосевыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
т. 2, с. 157
АХРАМА́Т
(ад грэч. achromatos бясколерны),
аб’ектыў, у якім выпраўлена сферычная і часткова храматычная аберацыя. У залежнасці ад прызначэння ахрамата храматычную аберацыю выпраўляюць толькі для 2 пэўных даўжыняў хваляў, напрыклад у візуальных прыладах — для жоўтага і зялёнага прамянёў, у фатаграфічных — для блакітнага і фіялетавага. Ахрамат выкарыстоўваюць у дальнамерах, біноклях, фотаапаратах, мікраскопах і інш. Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм.
т. 2, с. 158
АХРАМАЦІ́НАВАЕ ВЕРАЦЯНО́,
тое, што верацяно дзялення.
т. 2, с. 159
АХРАМЕ́ЕЎ Сяргей Фёдаравіч
(5.5.1923, с. Віндрэй Тарбееўскага р-на, Мардовія — 24.8.1991),
сав. ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1967). У Сав. Арміі з 1940. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У пасляваенны час на камандных пасадах, у 1960—64 камандаваў танк. дывізіяй у Бабруйску. У 1984—88 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. З сак. 1990 саветнік прэзідэнта СССР. Нар. дэпутат СССР і чл. Вярх. Савета СССР у 1989—91. Ленінская прэмія 1980.
т. 2, с. 159
АХРЫ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА
(Ohrid),
возера ў Македоніі і Албаніі. Размешчана ў міжгорнай катлавіне на выш. 695 м. Пл. 348 км². Глыб. да 285 м. Падземнымі карставымі поласцямі злучана, магчыма, з воз. Прэспа. З Ахрыдскага возера выцякае р. Чорны Дрын (сцёк у Адрыятычнае м.). Суднаходства. Рыбалоўства. Да Ахрыдскага возера прымыкае нац. парк Галічыца (Македонія). Узбярэжжа Ахрыдскага возера. — курортная зона, на берагах — гарады Охрыд (Македонія), Паградэц (Албанія).
т. 2, с. 160
АХРЫМЕ́НКА Аляксандр Яўгенавіч
(н. 22.4.1938, г. Новарасійск, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Д-р тэхн. н. (1973), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Мінскае Вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ПВА (1959), дзе працаваў у 1966. З 1990 у Бел. ун-це радыёэлектронікі і інфарматыкі. Навук. працы па адаптыўнай прасторава-часавай апрацоўцы сігналаў, радыёлакацыйным распазнаванні, адаптыўнай факусіроўцы звышчастотнай энергіі.
Тв.:
Основы радиолокации и радиоэлектронная борьба. Ч. 1. М., 1983;
Основы обработки и передачи информации. Мн., 1990.
т. 2, с. 160
АХРЫ́МЕНКА Павел Паўлавіч
(н. 16.7.1919, с. Саланіца Лубенскага р-на Палтаўскай вобл.),
бел. і ўкр. крытык, літ.-знавец, фалькларыст. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Працаваў у Гомельскім ун-це (1950—72), з 1972 у Сумскім пед. ін-це. Даследчык бел. і ўкр. фальклору і л-ры, бел.-ўкр. фалькл. і літ. узаемасувязяў. Сааўтар падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў («Беларуская вуснапаэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», 1970, і інш.).
Тв.:
Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Бібліяграфічны ўказальнік прац аб беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязях (1865—1965). Гомель, 1967.
т. 2, с. 160
АХРЭ́М Апанас Андрэевіч
(н. 8.2.1914, в. Урэчча Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік-біяарганік. Акад. АН Беларусі (1970). Д-р хім. н. (1960), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1983). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1934). З 1963 у Ін-це арган.. хіміі АН СССР, з 1972 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі, у 1974—88 дырэктар Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па біяарган. хіміі стэроідаў, бялкоў, пептыдаў, нуклеатыдаў. Адкрыў з’яву рухомасці двайных сувязяў у спалучаных дыенавых злучэннях. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул. Мн., 1989 (разам з С.А.Шэрманам, А.М.Андрыянавым);
Стероиды: Экол. функции. Мн., 1990 (разам з М.У.Каўганка).
т. 2, с. 160
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
А.М.Кулагін.
т. 2, с. 160
АХРЭ́МАЎЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад Браслава, 229 км ад Віцебска, 39 км ад чыг. ст. Друя. 1549 ж., 495 двароў (1995). У 1976 да Ахрэмаўцаў далучана в. Бяльмонты. Торфабрыкетны з-д «Браслаўскі». Аграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. За 0,5 км на Пд — курганны могільнік 8—10 ст. Мураваная капліца Збавіцеля (1858). Помнік садова-паркавага мастацтва Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».
т. 2, с. 160