Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРАНЖАРЭ́Я

(франц. orangerie),

зашклёнае памяшканне для вырошчвання зімоўкі паўд. раслін (цытрусавых, кветкавых, вечназялёных, пладова-ягадных і інш.). Аранжарэі добра асвятляюцца, маюць неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і ўмовы для догляду раслін. Бываюць 1- і 2-схільныя, блочныя, ангарныя.

т. 1, с. 453

АРАНЖЫРО́ЎКА

(франц. arranger літар. прыводзіць у парадак),

1) пералажэнне муз. твора для інш. складу выканаўцаў або для выканання на іншым, чым прадугледжана арыгіналам, інструменце (інструментах). Існуюць пералажэнні опер, сімфоній, камерных ансамбляў для фартэпіяна, радзей вакальных і інстр. твораў для аркестра.

2) Палегчанае пералажэнне муз. твора для выканання на тым самым інструменце.

3) У джазавай музыцы аранжыроўка, як правіла, элемент імправізацыі. Пад аранжыроўку для аркестра разумеюць апрацоўку муз. тэматызму, зафіксаваную ў нотным тэксце. Для невял. ансамбляў характэрна «вусная» аранжыроўка, без нотнага запісу, заснаваная на імгненнай каардынацыі намаганняў асобных выканаўцаў.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 453

АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

іберамаўрская культура, археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс. г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.

т. 1, с. 453

АРА́НЧЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Ліноўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. За 12 км на Пд ад Пружан, 75 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Мінск—Брэст. 939 ж., 369 двароў (1995). Птушкафабрыка, збожжапрыёмнае прадпрыемства, міжраённая гандл. база, Пружанскае райаграпрамзабеспячэнне, сярэдняя школа, б-ка, клуб. Помнік архітэктуры 20 ст. — Крыжаўзвіжанская царква.

т. 1, с. 453

АРАНШТА́М Лазар Навумавіч

(21.6.1896, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 1939),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну камісар дывізіі, інспекцыі артылерыі Чырв. Арміі. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар ЦК КПЗБ, чл. ЦК КПП. З 1928 у СССР. З 1929 чл. РВС і нач. Палітупраўлення БВА. З 1933 нач. Палітупраўлення і нам. камандуючага Асобай Далёкаўсх. арміяй. Чл. ЦК у 1929—33 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—33. Чл. Цэнтр. рэвіз. Камісіі ВКП(б) у 1930—37. Чл. ЦВК БССР у 1924, 1929—34, чл. ЦВК СССР у 1929—31. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 1, с. 453

АРА́НЬЕСТАД,

(Oranjenstad), горад, адм. ц. Аруба (архіпелаг М.Антыльскіх а-воў). 20 тыс. ж. (1988). Гавань. Міжнар. аэрапорт Куін Беатрыкс. Ачыстка нафты. Суднарамонтнае прадпрыемства. Турызм.

т. 1, с. 453

АРАРА́Т

[тур. (Büyük) Aĝri Daĝi, арм. Масіс],

самы высокі вулкан Армянскага нагор’я на У Турцыі каля мяжы з Арменіяй і Іранам. Два злучаныя асновамі конусы — Вялікі Арарат (выш. 5165 м) і Малы Арарат (выш. 3925 м). Складзены з базальтаў. На схілах каля 30 ледавікоў. Лічыцца месцам прычальвання Ноевага каўчэга.

т. 1, с. 453

АРАРА́ЦКАЯ РАЎНІ́НА,

на Каўказе, па сярэднім цячэнні р. Аракс, паміж гарамі Арарат на Пд і Арагац на Пн. Б. ч. раўніны знаходзіцца ў Арменіі, меншая — у Турцыі. Даўж. 90 км, выш. 850—1000 м. Раён паліўнога земляробства (вінаград і інш. культуры). Неўзараныя ўчасткі захавалі ландшафты пераважна салянкавай паўпустыні. На Пн раўніны гарады Ерэван, Актэмберан, Эчміядзін.

т. 1, с. 453

АРА́СКАЯ У́НІЯ 1579,

пагадненне пра аб’яднанне валонскіх правінцый на Пд Нідэрландаў (Эно, Артуа, Дуэ), заключанае па ініцыятыве рэакц. каталіцкага дваранства. У выніку на пэўных умовах аднаўлялася ісп. панаванне над правінцыямі. Накіравана фактычна супраць нац.-выз. вайны з Іспаніяй у ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У адказ сем рэв. правінцый на Пн Нідэрландаў заключылі Утрэхцкую унію. Аформлена 6 студз. ў Арасе (прав. Артуа); пазней да Аранскай уніі далучыліся прав. Ліль, Аршы і інш.

т. 1, с. 453

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453