Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛЬСКІ Міхаіл Лявонцьевіч

(21.9.1921, г. Сянно Віцебскай вобл. — 29.4.1988),

бел. графік. Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1952). З 1952 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, з 1956 у БПІ. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: серыі «Зямля сялянам» (1957), «Стары і новы Мінск» (1959), «Мая Беларусь» (1964), «Мой родны кут» (1978—80). Выканаў іл. да кніг «Калі зліваюцца рэкі» П.Броўкі, «Паэмы» і «Вершы, паэмы» Я.Купалы, «Украінскія народныя казкі» (усе 1957—59), «Хто робіць пагоду» М/Лужаніна (1960), «На берагах Нявы» І.Гурскага (1968, 1977), «Шэметы» М.Лобана (1981) і інш.

т. 3, с. 92

БЕ́ЛЬСКІ Яўграф Іосіфавіч

(н. 18.2.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Сын І.А.Бельскага. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1948). З 1953 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне матэрыялазнаўства, машынабудавання і ліцейнай вытв-сці, па тэхналогіі вырабу інструменту для мех. і тэрмічнай апрацоўкі металаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Асновы апрацоўкі металаў ціскам» (з У.І.Казачонкам, 1956), «Новыя матэрыялы ў тэхніцы» (1964) і інш.

Тв.:

Стойкость кузнечных штампов. Мн., 1975;

Штампы для горячего деформирования металлов. М., 1977 (разам з М.А.Тылкіным);

Химико-термическая обработка инструментальных материалов. Мн., 1986.

т. 3, с. 92

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (? — ?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.Р.Казлоў, А.М.Нарбут.

т. 3, с. 92

Бельскі Алесь

т. 18, кн. 1, с. 350

Бельскі Аляксандр Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 350

Бельскі Іван Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 350

БЕ́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў ліп. 1808 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — г. Бельск-Падляскі. З 1842 у Гродзенскай губерні. Пл. 3130,1 кв. вярсты, нас. 164 441 чал. (1897). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1918 у складзе Польшчы, з 1919 у Беластоцкім ваяводстве. Паводле Рыжскага дагавора 1921 застаўся ў Польшчы. З 1939 у БССР, у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны Бельскі, Бранскі, Кляшчэльскі, Семятыцкі, Цехановецкі і Гайнаўскі р-ны. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Бельскага павета перайшла да Польшчы.

т. 3, с. 92

БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,

прывілей, абвешчаны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

т. 3, с. 92

Бельскі Фама Антонавіч

т. 18, кн. 1, с. 350

БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ

(Bielsk Podlaski),

горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс. ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд. метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел. гіст. т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.

Д.Фіёнік (гісторыя).

т. 3, с. 92