Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛЫЯ НО́ЧЫ,

светлыя ночы ў пачатку лета, калі вячэрняя зара пераходзіць у ранішні золак і ўсю ноч доўжыцца змрок. Назіраюцца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях на шыротах 60—90°, калі дыск Сонца апоўначы апускаецца ніжэй за гарызонт не больш як на 7°.

т. 3, с. 84

«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,

ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).

т. 3, с. 84

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

возера ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на пойме р. Бярэзіна, на ПнУ ад Бабруйска. Пл. 0,5 км². Даўж. 4 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 4 м. Берагі возера пясчаныя, пад хмызняком, 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай з р. Бярэзіна.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

возера ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Бярэзіна, за 27 км на ПнЗ ад г. Рэчыца. Пл. 0,23 км². Старычнае.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ БОР,

вёска ў Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр Горбаўскага с/с. За 25 км на Пд ад г.п. Лёзна, 65 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Лёзна. 11 ж., 5 двароў (1995).

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ВЕРШ,

нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.Танк («Люцыян Таполя») і інш.

І.Ф.Штэйнер.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр. б. СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.

Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.

Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ГРЫБ,

тое, што баравік.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ДОМ

(White House),

афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША у Вашынгтоне (з 1800). 132-пакаёвы будынак у неакласічным стылі ўзведзены ў 1793—1801 па праекце архітэктараў Дж.Хобана і Б.Латраба. У 1814 спалены брыт. войскамі. Рэканструяваны ў 1814—29. З 1814 пастаянна фарбуецца ў белы колер (адсюль назва, уведзеная прэзідэнтам Т.Рузвельтам і зацверджаная рашэннем Кангрэса ў 1902). Пашыраныя рэстаўрацыйныя работы праведзены ў 1948—52. У пераносным сэнсе «Белы дом» — урад ЗША.

т. 3, с. 83