БЕ́ЛЫ Аляксей Уладзіміравіч
(н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.В.Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.М.Макушком, І.Л.Побалем);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.Дз.Карпенкам, М.К.Мышкіным).
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Анатоль Яўхімавіч
(н. 10.12.1939, г. Старыя Дарогі Мінскай вобл.),
бел. грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер. Скончыў БДУ (1967) і з 1969 выкладае ў ім. Старшыня грамадска-асв. клуба «Спадчына» (з 1984). Сабраў вял. калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкар.-прыкладнога мастацтва, арганізоўвае выстаўкі гэтых твораў, выдае каталогі, даведачную л-ру і артыкулы пра бел. мастацтва. Ініцыятар і арганізатар устанаўлення помніка М.Багдановічу ў Яраслаўлі (1994).
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Андрэй
(сапр. Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),
рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр. рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб. арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў мматэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Андрэй Анісімавіч
(н. 17.6.1922, в. Навінкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Сталінградскае ваен. вучылішча сувязі (1941). З крас. 1942 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр. франтах. Мал. лейт. Белы вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Лоеў. Да 1968 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Віктар Аркадзевіч
(14.1.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 6.3.1983),
кампазітар, педагог, муз. публіцыст. Засл. арт. Беларусі (1955), нар. арт. Расіі (1980). Канд. мастацтвазнаўства (1935). Праф. (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), выкладаў у ёй і Бел. кансерваторыі (1935—52). У 1957—73 гал. рэдактар час. «Музыкальная жизнь». Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Галодны паход» (1931), камерна-інстр. творы, у т. л. 4 санаты для фп., вак. цыклы «Вайна» і «Свяціць заўсёды», музыка да спектакляў драм. тэатра, песні. Звяртаўся да бел. паэзіі (песня «Маленькі лётчык» на верш Я.Купалы «Хлопчык і лётчык»), бел. муз. фальклору (фп. п’есы «Беларускія напевы», «Беларуская калыханка і жартоўная», «Беларуская прэлюдыя»). Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Корев Ю. Виктор Белый. М., 1962;
В.А.Белый: Очерк жизни и творчества: Статьи: Воспоминания;
Материалы. М., 1987.
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Уладзімір Аляксеевіч
(8.6.1922, г. Краснадар, Расія — 17.8.1994),
бел. вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм. Акад. АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-р тэхн. н., праф. (1971). Засл. вынаходнік Беларусі, засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Растове-на-Доне (1945). З 1953 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1969 дырэктар Ін-та механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі і адначасова да 1973 рэктар Гомельскага ун-та. У 1973—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1978—83 рэктар БДУ. Навук. працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фіз.-мех. ўласцівасцямі, стварэнні новага класа кампазіцыйных матэрыялаў, адгезійнай і кагезійнай трываласці металапалімераў. Прапанаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);
Трибология: исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.).
т. 3, с. 83
БЕ́ЛЫ Уладзімір Мікалаевіч
(н. 25.10.1947, в. Рафалаў Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне оптыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Гомельскі пед. Ін-т (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лінейнай і нелінейнай крышталяоптыцы, акустаоптыцы. Развіў тэорыю акустааптычнага ўзаемадзеяння ў крышталях са складанай анізатрапіяй. Прапанаваў новы прынцып узмацнення ультрагукавых хваляў.
Тв.:
Воздействие электрического поля на акустическую активность кристаллов // Кристаллография. 1980. Т. 25, вып. 5;
Влияние фазового сдвига фоторефрактивных решеток на пространственные солитоны (разам з М.А.Хіло) // Письма в журнал технической физики. 1994. Т. 20, вып. 18.
т. 3, с. 83
«БЕ́ЛЫЯ»,
1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).
2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл. Белая гвардыя.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 84
БЕ́ЛЫЯ ЗЕ́МЛІ
(абеленыя, абельныя),
землі феадалаў у Рус. дзяржаве 16—17 ст., насельніцтва якіх вызвалялася ад дзярж. падаткаў і павіннасцяў.
Белыя землі лічыліся асабістыя панскія ўгоддзі і землі памешчыкаў, якія неслі вайск. службу. У гарадах двары феадалаў і служылых людзей былі аб’яднаны ў «белыя слабоды», прывілеяванае становішча якіх выклікала незадаволенасць насельніцтва пасадаў. Пасля Маскоўскага паўстання 1648 паводле Саборнага ўлажэння 1649 «белыя слабоды» ўключаны ў пасады, а іх насельніцтва прыраўнавана ў правах да пасадскіх людзей.
т. 3, с. 84
БЕ́ЛЫЯ КУРАПА́ТКІ
(Lagopus),
род птушак сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 віды — белая курапатка (L. lagopus) і тундравая курапатка (L.mutus). Пашыраны ў тундрах, лесастэпах і гарах Паўн. Еўразіі і Паўн. Амерыкі да Паўн. Казахстана, Паўн. Манголіі і Канады. На Беларусі белая курапатка спарадычна трапляецца ў паўн. ч. на вярховых балотах; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 46 см, маса 400—900 г. Тундравая курапатка драбнейшая. Апярэнне зімой белае з чорным хвастом, летам рыжа-бурае, у самцоў тундравай курапаткі зімой чорная аброць, летам менш рыжых тонаў; у самак мяняецца 3, у самцоў 4 разы на год. Гнёзды на мохавых купінах з нізкарослай расліннасцю. Кормяцца пупышкамі дрэў, лісцем, ягадамі. На поўначы белыя курапаткі — важны аб’ект промыслу.
т. 3, с. 84