Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛЯНКО́Ў Рафаіл Львовіч

(н. 31.12.1945, г. Аткарск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). Чэмпіён Еўропы (1972), СССР (1970, 1973) у найлягчэйшай вазе. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету (1972) і Еўропы (1974) у асобных практыкаваннях. З 1976 на трэнерскай рабоце.

т. 3, с. 94

БЕЛЯШЭ́ЎСКІ Мікалай Фядотавіч

(12.10.1867, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 21.4.1926),

украінскі археолаг, этнограф, мастацтвазнавец. Акад. АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскі ун-т. У 1902—23 дырэктар Кіеўскага гіст. музея. Рэдактар зб. «Археологическая летопись Южной России» (т. 1—3, 1899—1901) і час. з той жа назвай (1903—05). У 1890-я г. даследаваў паселішчы на Зах. Бугу, на Гомельшчыне, у Сярэднім Падняпроўі. Аўтар прац па археалогіі і ўкр. арнаментыцы.

Тв.:

Несколько новых стоянок каменного века по Днепру и его притокам // Киевская старина. 1891. Т. 32, № 3;

Дюнные стоянки неолитической эпохи на берегах р. Западного Буга в среднем его течении // Тр. одиннадцатого Археологического съезда в Киеве, 1899. М., 1901. Т. 1.

т. 3, с. 94

БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МА ўзаемнага навучання, сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.

т. 3, с. 79