Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЙЛАРЫ́ЗМ,

сістэма арганізацыі працы, заснаваная на спецыялізацыі і рацыяналізацыі прац. аперацый; адзін з кірункаў амер. тэорыі менеджменту. Узнік у ЗША ў пач. 20 ст. Назва ад прозвішча яе аўтара Ф.У.Тэйлара, які ў кн. «Кіраванне вытворчасцю» (1903) і «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) сфармуляваў асновы прынцыпова новай арганізацыі працы. Т. — гэта сукупнасць метадаў арганізацыі і нарміравання працы, кіравання вытв. працэсамі, падбору, расстаноўкі і аплаты працаўнікоў, якія накіраваны на значнае павышэнне прадукцыйнасці працы і інтэнсіўнасці працы. Пры нарміраванні працы ўсе прац. аперацыі падзяляліся на простыя і прац. дзеянні і прыёмы, устараняліся залішнія і марныя, ажыццяўляўся хронаметраж выканання самым кваліфікаваным рабочым асобных элементаў работы. Паказчыкі выпрацоўкі гэтага рабочага браліся за норму, якая станавілася абавязковай для выканання ўсімі рабочымі. Каб стымуляваць выкананне гэтай нормы, была распрацавана спец. сістэма здзельна-прагрэсіўнай аплаты працы. Яна прадугледжвала прэміраванне за выкананне і перавыкананне нормы і штрафы для тых, хто не выконваў. Рэгламентавалася таксама чаргаванне працы з адпачынкам. Крытыкі Т. адзначалі яго дваісты і супярэчлівы характар: ён узмацняў эксплуатацыю рабочых, аднак павышаў прадукцыйнасць працы. Пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі Т. эвалюцыяніраваўся; ён у многіх краінах з’яўляецца і асновай арганізацыі працы і павышэння эфектыўнасці вытв-сці.

Літ.:

Украинец П.П. Менеджмент: новые технологии. Мн., 2001.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙЛЕР (Theiler) Макс (30.1.1899, Прэторыя — 11.8.1972),

амерыканскі ўрач і мікрабіёлаг. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1918). З 1951 кіраўнік лабараторыі аддзела медыцыны і аховы здароўя Ракфелераўскага фонду (Нью-Йорк) і адначасова (з 1964) праф. мед. школы Іельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні этыялогіі амёбнай дызентэрыі, лептаспірозаў, яп. энцэфаліту, малпавага энцэфаламіэліту, даследаваў вірус жоўтай ліхаманкі і стварыў 2 спецыфічныя вакцыны для імунізацыі чалавека супраць гэтай хваробы. Нобелеўская прэмія 1951.

В.​Ф.​Ермакоў.

М.Тэйлер.

т. 16, с. 106

ТЭЙЛЕРЫЁЗЫ,

інвазійныя трансмісіўныя хваробы жвачных жывёл групы піраплазмідозаў, якія выклікаюцца ўнутрыклетачнымі паразітамі, прасцейшымі з роду тэйлярыя. Пашыраны ў Афрыцы, трапічных і субтрапічных краінах Азіі і інш. Узбуджальнікі лакалізуюцца ў клетках імуннай сістэмы, эрытрацытах, лімфацытах, гістыяцытах. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы. Хваробы суправаджаюцца анеміяй, ліхаманкай, шматлікімі кровазліццямі і дэгенератыўнымі аняменнямі органаў. Смяротнасць сярод маладняку да 90%, дарослых жывёл — 60—70%.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙСЕРА—ТО́РНКВІСТА ЛІ́НІЯ, Тэйсера—Торнквіста зона,

краявое шво Усходне-Еўрапейскай платформы. Адмяжоўвае Заходне-Еўрапейскую маладую платформу ад Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў на З стараж. Усх.-Еўрапейскай платформы. Складаецца з серыі глыбінных (мантыйных) разломаў, уваходзіць у больш працяглы Дабруджска-Паўночнаморскі лініямент зямной кары.

т. 16, с. 106

ТЭЙТЭЛЬБО́ЙМ (Teitelboim) Валодзя (н. 19.3.1916, г. Чыльян, Чылі),

чылійскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыдычны ф-т ун-та Чылі (1938). У 1961—65 чл. палаты дэпутатаў, з 1965 сенатар. З 1973 у эміграцыі. Дэбютаваў гіст. нарысам «Заранак капіталізму і заваяванне Амерыкі» (1943). У раманах «Сын салетры» (1952), «Насенне на пяску» (1957), «Унутраная вайна» (1979) тэмы рабочага руху, існавання людзей ва ўмовах канцлагера, супрацьстаяння чылійцаў дыктатуры. Аўтар літ.-крытычных прац «Чалавек і чалавек» (1969, з гісторыі рус. і сав. л-ры), «Нэруда» (1984), публіцыстыкі, у т. л. кн. «Чылі: барацьба працягваецца» (1976).

Тв.:

Рус. пер. — Семя на песке. М., 1959;

Снова о событиях в Чили. М., 1977;

Чили: борьба продолжается. М., 1979;

Внутренняя война. М., 1982;

Неруда. М., 1988.

Літ.:

Кутейщикова В.Н. Роман Латинской Америки в XX в. М., 1964.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙТЭМ, Тэтам,

Татум (Tatum) Эдуард (14.12.1909, г. Боўлдэр, ЗША — 5.11.1975), амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі і генетыкі. Чл. Нац. АН ЗША (1952). Д-р біяхіміі (1934). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1931). У 1937—45, 1948—56 у Станфардскім і Іельскім (1945—48) ун-тах (з 1946 праф.). З 1957 праф. Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Разам з Дж.У.Бідлам (1944) распрацаваў канцэпцыю: адзін ген вызначае структуру аднаго ферменту. Гэта канцэпцыя стала асновай біяхім. генетыкі. Разам з Дж.Ледэрбергам (1947) адкрыў у бактэрый генет. рэкамбінацыю. Нобелеўская прэмія 1958 (з Бідлам і Ледэрбергам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Э.Тэйтэм.

т. 16, с. 107

ТЭЙФ Майсей Саламонавіч (4.9.1904, Мінск —23.12.1966),

яўрэйскі пісьменнік. Вучыўся ў БДУ, скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1933). У 1961—64 супрацоўнік час. «Савеціш Геймланд» («Савецкая Радзіма»). Друкаваўся з 1920. У кнігах «Вершы і паэмы» (1933), «Пралетарка, сястра мая» (1935), «Смерць або перамога» (1936) і інш. падзеі грамадз. вайны, тэмы барацьбы народаў супраць ням. фашызму, памяці пра вайну. Пісаў пра Беларусь (вершы «Беларусь», «Палессе», «Лявоніха», «Калі ласка», «Беларускі вакзал»), верш «Добры сусед» прысвяціў Я.​Купалу. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Рукопожатие. М., 1964;

Песнь о братьях. М., 1981.

т. 16, с. 107

«ТЭ́КА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Teka Wileńska» «Віленскі зборнік»),

часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1857—58 у Вільні на польскай мове раз у 2 месяцы. Рэдактар-выдавец А.Кіркор. Змяшчаў матэрыялы, тэматычна і праблемна звязаныя з Беларуссю, у т. л. паэт. творы А.​Адынца, пераклады з рус. і чэш. паэзіі В.​Каратынскага, аповесць А.​Плуга «Пястуха», апавяданні Г.​Пузыны «Што можа любасць», гісторыка-краязнаўчы нарыс У.​Сыракомлі «Мінск». Меліся быць апублікаваны бел. паэмы А.​Вярыгі-Дарэўскага. Выйшла 6 нумароў. Закрыты ўладамі. Матэрыялы, падрыхтаваныя да наступных нумароў, выдадзены пад назвай «Pismo zbiorowe Wilerískie» («Віленскі альманах», т. 1—2, 1859—60).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 107

ТЭКВАНДО́,

від спартыўнай барацьбы; тое, што таэквандо.

т. 16, с. 107

ТЭКЕНДА́МА (Tequendama),

вадаспад у Калумбіі, на р. Багата (правы прыток р. Магдалена). Выш. 137 м (па інш. звестках 145 м). На Т. — ГЭС.

т. 16, с. 107