Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АХО́ЎНАЯ ЗО́НА матэрыяльна нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да помнікаў гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры і прызначана для захавання і выяўлення іх гісторыка-мастацкіх вартасцяў і мэтазгоднага выкарыстання.

Мяжу ахоўнай зоны вызначаюць, зыходзячы з патрэб забеспячэння найлепшага рэжыму зберажэння і выкарыстання каштоўнасці, найб. поўнага выяўлення яе вартасцяў і ўмоў агляду, з яе тыпу, сістэмы планіроўкі, даступнасці для навук. даследаванняў і наведванняў. Распрацоўваюць ахоўныя зоны на падставе вывучэння літ. і архіўных крыніц, натурных даследаванняў. З устанаўленнем ахоўнай зоны робяць пад’езды і пешаходныя падыходы да каштоўнасці, відавыя пляцоўкі, тэрыторыю азеляняюць і добраўпарадкоўваюць. У межах ахоўных зон горада новае буд-ва дапускаецца пры ўмове яго кампазіцыйнага падпарадкавання гіст. аб’ектам.

Найважнейшыя ахоўныя зоны на Беларусі: тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку, Замкавая гара ў Гродне, гіст. цэнтр Мінска, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.

І.М.Чарняўскі.

т. 2, с. 154

АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ

(да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),

ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у тым ліку на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл. Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв. сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.

М.М.Забаўскі, А.Я.Сукала.

т. 2, с. 154

АХО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

віды жывёл, адносна якіх паводле мясц., дзярж. ці міжнар. нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фауны. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т. л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, філін і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротавая рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).

Т.А.Філюкова.

т. 2, с. 154

АХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ грамадзянскай абароны, інжынерныя збудаванні для аховы і жыццезабеспячэння насельніцтва ад зброі масавага знішчэння і звычайных сродкаў нападу. Падзяляюцца на сховішчы, супрацьрадыяцыйныя і найпрасцейшыя ўкрыцці. Сховішчы грамадз. абароны (асобныя збудаванні павышанай умяшчальнасці) забяспечваюць ахову насельніцтва ад ядз. зброі, атрутных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Пад іх прыстасоўваюць таксама падвальныя памяшканні будынкаў, абсталёўваюць метрапалітэны, тунэлі, падземныя пераходы. Супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці забяспечваюць ахову насельніцтва пераважна ад радыеактыўнага і светлавога выпрамянення. Пад іх абсталёўваюць падвальныя і наземныя памяшканні будынкаў, горныя вырабаткі, пячоры і інш. Выкарыстоўваюцца таксама спецыяльна пабудаваныя і хуткаўзведзеныя ўкрыцці, укрыцці катлавіннага тыпу і інш. Найпрасцейшыя сховішчы — шчыліны і траншэі.

т. 2, с. 154

АХО́ЎНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,

прыродна-тэрытарыяльныя комплексы, у межах якіх забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца для зберажэння тыповых і унікальных натуральных (прыродных) і пераўтвораных (антрапагенных) ландшафтаў, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць і не могуць захоўвацца без дапамогі чалавека. На тэрыторыях, занятых ахоўнымі ландшафтамі, устанаўліваецца адпаведны рэжым аховы і карыстання прыроднымі рэсурсамі. У некат. краінах ахоўныя ландшафты з’яўляюцца самастойнай катэгорыяй асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На Беларусі ахоўныя ландшафты размяшчаюцца на тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, ландшафтных і інш. заказнікаў.

т. 2, с. 155

АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).

Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл. Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш. хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).

т. 2, с. 156

АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,

участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведнаэталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.

т. 2, с. 157

АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.

Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш. Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.

т. 2, с. 157

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у тым ліку 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.У.Вынаеў.

т. 2, с. 157

АХО́ЎНЫ КАНТЭ́ЙНЕР,

прыстасаванне для часовага захоўвання ці транспарціроўкі радыеактыўных рэчываў. Ахоўвае абслуговы перасанал ад шкоднага ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення.

т. 2, с. 154