АРАМЕ́І,
арамейцы, качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач. н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.
т. 1, с. 452
АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст. н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 452
АРАМЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. У 14—11 ст. да н. э. арамеі сяліліся ў Сірыі і Месапатаміі, адкуль арамейская мова распаўсюдзілася на ўвесь Б. Усход. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 9—8 ст. да н. э. У 7—4 ст. да н. э. арамейская мова — міжнародная мова Б. і Сярэдняга Усходу. На ёй напісаны асобныя часткі Бібліі і Талмуда. Складалася са шматлікіх дыялектаў, у т. л. стараарамейскіх пальмірскага і набатэйскага, мандэйскага (мовы рэліг. кніг мандэйцаў 3—8 ст.), эдэскага, на аснове якога ўзнікла сірыйская, а пазней новасірыйская (асірыйская) мова. Пасля арабскіх заваяванняў паступова выцясняецца арабскай мовай. Некаторыя дыялекты арамейскай мовы ўжываюцца толькі ў асобных рэгіёнах Сірыі, Паўн. Месапатаміі, Ірака і Ірана.
Л.М.Ляшчова.
т. 1, с. 452
АРА́МКА,
гл. Арабска-Амерыканская нафтавая кампанія.
т. 1, с. 452
АРА́Н,
арабская назва тэр. Албаніі Каўказскай. У пісьмовых крыніцах гэта назва сустракаецца з 6 ст., у 9—10 ст. так называлася пераважна стэпавая зона міжрэчча Куры і Аракса (сучасны Мільскі стэп) з гарадамі Барда, Ганджа і Байлакан.
т. 1, с. 452
АРА́Н,
горад на ПнЗ Алжыра. Адм. ц. вілаі Аран. 590 тыс. ж. (1987). Буйны трансп. і гандл. цэнтр. Порт на Міжземным м. (гандаль віном, збожжам, воўнай, агароднінай, травой альфа). Харч., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), тэкст., абутковая, металаапр., хім., металургічная, цэментная прам-сць. Рамёствы. Ун-т. Музей ісламскага мастацтва. Крэпасць Санта-Крус (16 ст.), мячэць (18 ст.). Засн. каля 903. Месца высадкі саюзнага войска ў 2-ю сусв. вайну; былая франц. ваен.-марская база.
т. 1, с. 452
АРАНГУТА́Н
(Pongo),
род чалавекападобных малпаў сям. пангідаў атр. прыматаў. Адзіны від — арангутан звычайны (Р. pygmaeus). Жыве ў забалочаных трапічных лясах а-воў Суматра і Калімантан.
Рост самцоў да 1,5 м, маса да 200 кг, самкі значна меншыя. Склад цела масіўны. Заднія канечнасці кароткія, пярэднія доўгія з размахам да 2,25 м. Вельмі развітая мускулатура. Цела ўкрытае рэдкімі валасамі чырвонакарычневага колеру, на плячах даўж. валасоў да 40 см. Жывуць на дрэвах, дзе будуюць гнёзды. Кормяцца пладамі (найчасцей дурыяну), птушанятамі, яйкамі. Нараджаюць 1дзіцяня масай 1,5—2 кг, якое маці корміць малаком да 3—4 гадоў. Жывуць да 30 гадоў. Колькасць невялікая. Ахоўваецца.
т. 1, с. 452
АРА́НЖАВАЯ
(Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл. бас. 1020 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
З.Я.Андрыеўская.
т. 1, с. 452
АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State), правінцыя ў цэнтр. ч. Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс. км², нас. 1,8 млн. чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г. Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
т. 1, с. 453
АРА́НЖАВАЯ СВАБО́ДНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
гл. ў арт. Аранжавая правінцыя.
т. 1, с. 453