АКА́ТЫШЫ,
трывалыя, аднароднага саставу і аднолькавага памеру абпаленыя шарыкі з дробнай пылападобнай жал. руды ці танказдробненага канцэнтрату. Атрымліваюць пры акатванні. Бываюць неафлюсаваныя і афлюсаваныя (з дабаўкай флюсу). Жалезарудныя акатышы змяшчаюць 57—69% жалеза ў форме аксідаў, выкарыстоўваюцца ў доменнай вытв-сці; металізаваныя (30—95% адноўленага жалеза) у вытв-сці якаснай сталі.
т. 1, с. 186
АКА́ФІСТ
(грэч. akathistos ад а... + kathizō саджуся),
хрысціянскае хвалебнае царк. песнапенне. Выконваецца абавязкова стоячы. Кожны Акафіст складаецца з 25 асобных песнапенняў. Найб. вядомыя і стараж. Акафісты: Божай Маці (7 ст.) і Ісусу Найсаладзейшаму (9 ст.), свяціцелю Мікалаю Цудатворцу (14 ст.). Створаны таксама акафісты святым, абразам, царк. святам. Кніга, дзе сабраны ўсе акафісты, наз. акафіснік. Першы на Беларусі акафіснік выдадзены Ф.Скарынай у 1525. Шматтомны акафіснік з 1991 друкуецца ў Маскве (ім карыстаюцца і праваслаўныя на Беларусі).
Г.М.Шэйкін.
т. 1, с. 186
АКА́ЦЫЯ
(Асасіа),
род раслін сям. бабовых. 750—800 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў, большасць расце ў Аўстраліі (выява акацыі — нац. эмблема), дзе яны, як і ў Афрыцы, істотны элемент саванны. У бат. садах і парках Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа ў 19 ст. акліматызавана каля 10 відаў. Найб. вядомыя: акацыя серабрыстая (acacia dealbata), якую вырошчваюць як дэкар. расліну (т.зв. мімоза); акацыя белая, або псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia) з роду рабінія; акацыя жоўтая, або караганнік дрэвападобны (Caragana arborescens) з роду карагана. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюць апошнія 2 віды.
Пераважна вечназялёныя дрэвы, кусты, зрэдку травы. Кветкі жоўтыя або белыя, дробныя. Плод — боб. З шэрагу відаў атрымліваюць дубільныя рэчывы і гуміарабік.
т. 1, с. 186
АКАЯ́МА,
горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Акаяма. 583 тыс. ж. (1987). Гандл.-размеркавальны і культ. цэнтр зах. Японіі. Тэкст., маш.-буд. (эл.-машынабудаванне, суднабудаванне), хім., папяровая, харч., ганчарна-керамічная прам-сць. Саматужная вытв-сць фарфору і цыновак татамі. Аванпорт Акаямы — Уна; чыг. паром да в-ва Сікоку. Ун-т. Парк Каракуэн (1786).
т. 1, с. 187