БЕЛІНФА́РМ,
гл. Беларускае інфармацыйнае агенцтва.
т. 3, с. 78
БЕ́ЛІН-ВО́САЎЦЫ,
вадасховішча ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., за 14 км на Пд ад г. Драгічын, каля в. Белін. Створана ў 1984 для рыбагадоўлі, арашэння. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з Белінскага і навакольных каналаў. Пл. 0,62 км², даўж. 3,39 км, найб. шыр. 0,4 км, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 2,32 млн. м³. Берагі спадзістыя, вакол вадасховішча лесапасадкі. Мае мясц. рэкрэацыйнае значэнне.
т. 3, с. 77
БЕЛІТУ́НГ
(Belitung),
Білітон, востраў у Малайскім архіпелагу, паміж а-вамі Суматра і Калімантан, тэр. Інданезіі. Пл. 4850 км². Паверхня пераважна раўнінная, з асобнымі масівамі выш. да 510 м. Складзены з архейскіх гранітаў і гнейсаў. Клімат экватарыяльны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Здабыча алавяных рудаў. Трапічнае земляробства. Гал. горад — Танджунгпандан.
т. 3, с. 78
БЕ́ЛІЦА,
Лукаўскі канал, рака ў Беларусі, у Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Левы прыток Добасны (бас. Дняпра). Пачынаецца за 1,2 км на ПдЗ ад в. Старая Кашара Рагачоўскага р-на, упадае ў Добасну за 2 км на ПдУ ад в. Малевічы Жлобінскага р-на. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 197 км. Рэчышча каналізаванае, прытокі — меліярац. каналы працягласцю 168 км.
т. 3, с. 78
БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.
т. 3, с. 78
БЕ́ЛІЦК,
рабочы пасёлак у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. За 28 км ад Рагачова, 80 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Салтанаўка на лініі Жлобін—Гомель. 700 ж. (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Утвораны 12.1.1960 з пасёлка торфапрадпрыемства «Беліцкае», які існаваў з 1948. У 1970 — 1,2 тыс. ж. У Беліцку торфапрадпрыемства. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 3, с. 79
БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,
баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.
т. 3, с. 79
БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.А.Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.Ф.Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).
М.І.Камінскі.
т. 3, с. 79
БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб. цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.
т. 3, с. 79