Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛЫ БОР,

вёска ў Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр Горбаўскага с/с. За 25 км на Пд ад г.п. Лёзна, 65 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Лёзна. 11 ж., 5 двароў (1995).

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ВЕРШ,

нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.​Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.​Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.​Танк («Люцыян Таполя») і інш.

І.​Ф.​Штэйнер.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр. б. СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.

Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.

Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.

Белы волат.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ГРЫБ,

тое, што баравік.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ ДОМ (White House),

афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША у Вашынгтоне (з 1800). 132-пакаёвы будынак у неакласічным стылі ўзведзены ў 1793—1801 па праекце архітэктараў Дж.​Хобана і Б.​Латраба. У 1814 спалены брыт. войскамі. Рэканструяваны ў 1814—29. З 1814 пастаянна фарбуецца ў белы колер (адсюль назва, уведзеная прэзідэнтам Т.​Рузвельтам і зацверджаная рашэннем Кангрэса ў 1902). Пашыраныя рэстаўрацыйныя работы праведзены ў 1948—52. У пераносным сэнсе «Белы дом» — урад ЗША.

Белы дом.

т. 3, с. 83

Белы Іван Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 350

«БЕ́ЛЫ КО́ВЕЛЬ»,

гл. Смалянскі замак.

т. 3, с. 83

«БЕ́ЛЫ ЛО́ТАС»,

тайная будыйская арг-цыя ў феад. Кітаі. Гл. Байляньцзяо.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ МУХАМО́Р,

тое, што бледная паганка.

т. 3, с. 83

БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],

драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.

Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.

Белы мядзведзь.

т. 3, с. 83