Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЭ́С,

Арэй, у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.Батычэлі, Я.Тынтарэта, П.Рубенса, Ж.Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

АРЭ́СА,

Раса, рака на Поўдні Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховишча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТ,

у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТ

(свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),

беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.

Літ.:

Горючко П.С. К биографии игумена Ореста // Могилевская старина. 1903. Вып. 3;

Улащик Н.Н. Введение в изученне белорусско-литовского летописания. М., 1985. С. 203—217.

І.А.Марзалюк.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТАЎ Іван Георгіевіч

(нарадзіўся 18.3.1928, вёска Каралеўшчына Заходнядзвінскага раёна Цвярской вобласці, Расія),

беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Доктар ветэрынарных навук (1979), прафесар (1981). Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1952). З 1962 працуе ў ім. Працы па фармакалогіі і таксікалогіі фосфарарганічных злучэнняў, ферментных прэпаратах і іх выкарыстанні для прафілактыкі хвароб і павышэння прадукцыйнасці жывёл, па паразіталогіі свіней, вывучэнні фармакалагічных сродкаў для лячэння і прафілактыкі хвароб страўнікава-кішачнага тракту.

т. 2, с. 14

АРЭ́Х

(Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін С і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

т. 2, с. 14

АРЭ́ХАВА,

вёска ў Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на беразе возера Арэхаўскае. Цэнтр сельсавета. За 22 км на Поўдзень ад горада і чыгуначнай станцыі Маларыта, 74 км ад Брэста. 794 жыхароў, 257 двароў (1994). Сярэдняя школа, бібліятэка, Дом культуры, аддзяленне сувязі. Царква. Магіла ахвяраў фашызму. Стаянкі каменнага веку.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Усыса (працякае праз яго), за 1 км на Паўднёвы Захад ад горада Гарадок. Плошча 0,3 км², даўжыня 1 км, найбольшая шырыня 0,4 км. Катлавіна выцягнутая з Захаду на Усход, акаймаваная лесам. Берагі нізкія, паўднёвыя забалочаны. Злучана Усысай з азёрамі Лугавое і Шчарбакоўскае.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у басейне ракі Сэрвач, за 27 км на Усход ад гарадскога пасёлка Мядзел. Плошча 0,22 км², даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,4 км, найбольшая глыбіня 23 м. Плошча вадазбору 21,5 км². Берагі забалочаныя, дно глеістае, у заходнй частцы пясчанае. Злучана меліярацыйным каналам з ракой Патачанка.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАВА-ЗУ́ЕВА,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобласці. На рацэ Клязьма. Вядомы з канца 17 стагоддзя. 133,7 тысяч жыхароў (1994). Чыгуначны вузел. Цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вагоны, прыладабудаванне і інш.), хімічная (пластмасы) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

т. 2, с. 15