Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛБЫТТЭХПРАЕ́КТ»,

Дзяржаўнае праектна-канструктарскае вытворча-тэхналагічнае прадпрыемства «Белбыттэхпраект». Засн. ў 1967 у Мінску на базе часткі Бел. праектна-тэхнал. ін-та мясц. прам-сці як Бел. праектна-тэхнал. ін-т «Белбыттэхпраект»; у 1987 — маі 1995 галаўная арг-цыя навук.-вытв. аб’яднання «Белбытгэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі на рэканструкцыю дзейных і буд-ва новых прадпрыемстваў службы быту; распрацоўка новых і ўдасканаленне дзейных тэхнал. працэсаў, мерапрыемстваў па спецыялізацыі, комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці на прадпрыемствах службы быту, дакументацыі на выраб доследных узораў новых відаў вырабаў, укараненне на прадпрыемствах службы быту дасягненняў навукі і тэхнікі; вытв-сць прыбораў па рамонце складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікі, пральныя машыны) і інш.

т. 3, с. 74

«БЕЛВА́Р»,

гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі.

т. 3, с. 74

«БЕЛВЕ́СТ»,

сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці і рэалізацыі мужчынскага і жаночага абутку ў г. Віцебск. Створана ў 1989 на базе віцебскай абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» і герм. фірмы «Саламандэр». У 1996 ф-ка выбыла з заснавальнікаў «Белвеста», у яго ўвайшоў канцэрн «Беллегпрам».

т. 3, с. 74

«БЕЛВОДАКАНАЛПРАЕ́КТ»,

Дзяржаўны праектны інстытут «Белводаканалпраект» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1964 у Мінску як аддзел Ін-та «Саюзводаканалпраект». З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: тапаграфічныя, інж.-геал. і гідралаг. даследаванні, распрацоўка тэхн. дакументацыі на буд-ва сістэм і асобных збудаванняў прамысл. і пітнога водазабеспячэння, бытавой, вытв. і дажджавой каналізацыі для населеных пунктаў, прамысл. вузлоў прадпрыемстваў розных галін прам-сці, камунальнай і сельскай гаспадаркі; выкананне праектаў аховы падземных водаў ад забруджвання, лакальнай ачысткі прамысл. сцёкаў на тэр. прадпрыемстваў, станцый ачысткі прыродных і сцёкавых водаў, вадасховішчаў і вадаёмаў рознага прызначэння, збудаванняў рыбааховы на водапрыёмніках, шламанакапляльнікаў і накапляльнікаў адходаў вытв-сці, біял. сажалак і інш.

т. 3, с. 74

БЕЛГА́АН,

Белгаўм, горад на Пд Індыі, у штаце Карнатака. 326 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандлёва-трансп. ц. у буйным баваўнаводчым раёне Дэкана. Баваўняныя, харч. (ачыстка рысу, алейная і інш.), хім., дрэваапр. прадпрыемствы. Выплаўка алюмінію. Саматужная вытв-сць адзення, скураных вырабаў, запалак.

т. 3, с. 74

БЕ́ЛГАРАД,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Белгародскай вобл., на р. Северскі Данец. 315,7 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэмент, мел, вапняк і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (энергет. машынабудаванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная прам-сць і інш.), хім. (сінт. паўфабрыкаты, вітаміны), харч. (плодаагароднінная, кансервавая, мясная і інш.) прам-сць. 5 ВНУ. Белгарад — цэнтр н.-д. і праектных работ па асваенні Курскай магнітнай анамаліі. 2 тэатры, 2 музеі. Музей-дыярама «Курская бітва». Арх. помнікі 18—19 ст.

Упершыню ўпамінаецца ў 1237. У 1598—1785 горад-крэпасць, цэнтр Белгародскай абарончай лініі супраць крымскіх татараў на паўд. межах Расіі. З 1708 у Кіеўскай губ. З 1719 цэнтр Белгародскай прав., з 1727 у Курскай губ. З 1779 павятовы горад Курскага намесніцтва, з 1796 — Курскай губ. У 1869 праз Белгарад пракладзена Курска-Харкаўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну ў раёне Белгарада ў ліп.жн. 1943 адбываліся цяжкія баі (гл. ў арт. Курская бітва 1943). З 1954 цэнтр Белгародскай вобл.

т. 3, с. 74

БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс. ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сць мед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст. ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст.Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.

т. 3, с. 74

БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс. км². Нас. 1435,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г. Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.

Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).

Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 74

БЕЛГЕ́А,

гл. Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства.

т. 3, с. 75

БЕ́ЛГІ

(лац. Belgae),

кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) ў Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст. н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.

т. 3, с. 75