АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
А.П.Дубіна.
т. 2, с. 13
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
А.П.Дубіна.
т. 2, с. 13
АРЭ́НІУС
(Arrheńius) Свантэ Аўгуст (19.2.1859, маёнтак Вейк, каля Упсалы, Швецыя — 2.10.1927),
шведскі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Член Каралеўскай Шведскай АН (1901), замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1903), ганаровы акадэмік АН многіх краін, у тым ліку СССР (1926). Скончыў Упсальскі універсітэт (1878). З 1905 дырэктар Нобелеўскага інстытута. Навуковыя працы па тэорыі раствораў электралітычнай дысацыяцыі, даследаванняў па хімічнай кінетыцы (ураўненне Арэніуса), а таксама па астраноміі, астрафізіцы, біялогіі (дастасаванне фізіка-хімічных законаў да біялагічных працэсаў), тэорыі касмічнага паходжання жыцця на Зямлі. Нобелеўская прэмія 1903.
Літ.:
Соловьев Ю.И. Сванте Аррениус, 1859—1927. М., 1990.
т. 2, с. 13
АРЭНСБУ́РГСКАЯ КУЛЬТУ́РА
(Ahrensburgian),
археалагічная культура познапалеалітычных плямёнаў, якія ў 10—9 тысячагоддзях да нашай эры насялялі Поўнач сучаснай тэрыторыі Германіі і Нідэрланды. Назва ад мясцовасці Арэнсбург (ФРГ), дзе выяўлены рэшткі познапалеалітычных і мезалітычных стаянак. Асобныя групы носьбітаў Арэнсбургскай культуры праніклі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і, як мяркуюць, далі пачатак грэнскай культуры. Насельніцтва жыло на кароткачасовых стаянках з наземнымі жытламі круглаватай, авальнай ці трохвугольнай формы, займалася паляваннем на паўночнага аленя. Большасць прылад працы вырабляла з крамянёвых адшчэпаў.
т. 2, с. 13
АРЭ́НСЕ
(Orense),
горад на Паўночным Захадзе Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Галісія, на рацэ Міньё. Адміністрацыйны цэнтр правінцыі Арэнсе. 99,1 тысячы жыхароў (1986). Транспартны вузел. Гандлёвы цэнтр раёна вінаградарства і садаводства. Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Лесапільныя, металаапрацоўчыя прадпрыемствы; аўтамабілебудаванне. Цёплыя серныя крыніцы.
т. 2, с. 13
АРЭ́НСКІ Антон
(Антоній) Сцяпанавіч (12.7.1861, Ноўгарад — 25.2.1906),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас кампазіцыі М.Рымскага-Корсакава). У 1882—95 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1889 прафесар). Сярод вучняў С.Рахманінаў. З 1888 кіраўнік канцэртаў Рускага харавога таварыства, з 1895 — пецярбургскай Прыдворнай пеўчай капэлы. З 1901 канцэртаваў як піяніст і дырыжор. Кампазітар-лірык, працаваў пераважна ў камерных вакальных і інструментальных жанрах. Аўтар тэарэтычных прац.
Тв.:
Оперы «Сон на Волзе» (1891), «Рафаэль» (1894);
балет «Ноч у Егіпце» («Егіпецкія ночы», 1900);
кантаты;
2 сімфоніі (1883, 1889);
сюіта для арк.;
канцэрты;
камерна-інстр. ансамблі;
творы для фп.;
хары;
балады для голасу з арк.;
меладэкламацыі;
рамансы і інш.
т. 2, с. 13
АРЭ́Н-КАЛА́,
гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
т. 2, с. 13
АРЭО́Л
(французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),
1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.
2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.
т. 2, с. 14
АРЭО́МЕТР
(ад грэчаскага araios няшчыльны, вадкі + ...метр),
прылада для вымярэння шчыльнасці вадкасцяў і цвёрдых целаў. Прынцып работы арэометра заснаваны на Архімеда законе. Бываюць шкляныя (найбольш пашыраныя) і металічныя (для вымярэння шчыльнасці вадкасці пры высокіх тэмпературах). Паводле прызначэння адрозніваюць дэнсіметры і арэометры для вымярэння канцэнтрацыі раствораў (лактадэнсіметры, спіртамеры, цукрамеры). Шчыльнасць цвёрдых целаў вымяраюць арэометры пастаяннага аб’ёму (гл. Гідрастатычнае ўзважванне).
т. 2, с. 14
АРЭ́ПІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Сцяпанкаўскім сельскім савеце Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Цэнтр калгаса. За 20 км на Поўнач ад горада і чыгуначнай станцыі Жабінка, 50 км ад Брэста. 316 жыхароў, 113 двароў (1995). Пачатковая школа, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі. Помнік драўлянага дойлідства — Пакроўская царква (1761).
т. 2, с. 14