Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 17(30).6.1912 да 12(25).1.1913 у Вільні на рус. мове. Была рупарам русіфікаваных слаёў бел. буржуазіі і правінцыяльнага чыноўніцтва. Заклікала народы Расіі пранікнуцца «любоўю да свайго манарха». Асуджала ідэю самавызначэння бел. народа, адмаўляла яго нац. і культ. самабытнасць, называла беларусаў разам з украінцамі этнагр. часткай рус. народа. Выступала супраць бел. перыяд. друку і кнігавыдання.

У.М.Конан.

т. 3, с. 80

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ГО́ЛОС»,

грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.

У.М.Конан.

т. 3, с. 80

«БЕЛОРУ́ССКИЙ КОМИССИОНЕ́Р»,

штотыднёвая прыватная газета даведачна-інфарм. характару. Выдавалася з 1(13).5.1899 да 28.10(10.11). 1900 у Мсціславе на рус. мове баронам П. фон Пільхаў. Друкавала шматлікія аб’явы аб пошуках працы, продажы земляробчых прылад, насеннага матэрыялу, паведамляла пра рыначныя цэны і інш. Узнімала эканам. пытанні, праблемы класавай няроўнасці, прыводзіла асобныя факты барацьбы сялян за зямлю, асвятляла культ. жыццё Мсціслава. Выйшла 78 нумароў. Спыніла выданне з-за матэрыяльных цяжкасцяў.

Г.Ф.Юрчанка.

т. 3, с. 80

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬ»,

культурна-асветны часопіс. Засн. на сродкі настаўніцкага гуртка Віцебскай губ. Выйшаў адзін выпуск у лютым 1909 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў артыкулы на пед. тэмы, інфармаваў пра дзейнасць бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, бел. культ.-асв. арг-цый і інш., выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў школах Беларусі.

т. 3, с. 80

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штомесячны пед. часопіс. Выдаваўся з мая 1910 да пач. 1911 у Магілёве на рус. мове. Створаны па ініцыятыве Т-ва ўзаемадапамогі настаўнікам нар. вучылішчаў Магілёўскай губ. Друкаваў матэрыялы па педагогіцы і нар. асвеце, пра становішча настаўнікаў. Пэўнай грамадска-паліт. пазіцыі не выявіў, але ў культ.-нац. аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця бел. л-ры і нац. школы). Выйшла 6 нумароў.

т. 3, с. 80

«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,

штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж. буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.

А.С.Ліс, А.Я.Шорахава.

т. 3, с. 81

БЕЛО́ТА

(Bellotto) Бернарда (30.1.1720, Венецыя — 17.10.1780),

італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.

т. 3, с. 81

«БЕЛПЛОДААГАРОДНІНАТЭХПРАЕ́КТ»,

гл. Беларускі праектна-канструктарскі і тэхналагічны інстытут па перапрацоўцы і захаванні плодаагародніны і бульбы.

т. 3, с. 81

БЕЛПРАЕ́КТ,

гл. Беларускі праектны інстытут.

т. 3, с. 81

БЕЛПРАЕКТСТАЛЬКАНСТРУ́КЦЫЯ,

Беларускі інстытут па праектаванні будаўнічых металічных канструкцый Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1963 як Мінскі аддзел Маскоўскага ін-та «Праектстальканструкцыя». З крас. 1990 арэнднае прадпрыемства «Белпраектстальканструкцыя». Асн. кірункі работы: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі металаканструкцый будынкаў вытворчага, с.-г. і грамадз. прызначэння, розных інж. збудаванняў (галерэй, градзірняў, мачтаў, вежаў, бункерных эстакад, рэзервуараў і інш.); дакументацыі металаканструкцый на рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў; абследаванне металаканструкцый будынкаў і збудаванняў для далейшай іх эксплуатацыі і інш.

т. 3, с. 81