«БЕЛНДПТІХЛЕБАПРАДУ́КТ»,
Дзяржаўнае навукова-даследчае і праектна-тэхналагічнае прадпрыемства «БелНДПТІхлебапрадукт» пры Камітэце па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1971 у Мінску як філіял Цэнтральнага н.-д. і праектнага ін-та «Прамзбожжапраект». З 1991 сучасная назва. Асн. кірунак работы — комплекснае праектаванне для буд-ва і рэканструкцыі прадпрыемстваў галіны (мукамольна-крупяной, камбікормавай і элеватарнай прам-сці) на тэр. Беларусі і некаторых абласцей Рас. Федэрацыі.
т. 3, с. 80
БЕЛО́МА,
гл. Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССИЯ»,
штотыднёвая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з лют. 1995 у Мінску на рус. мове. Асвятляе грамадска-паліт. падзеі на Беларусі і за яе межамі, аналізуе эканам. становішча краіны. Закранае пытанні культуры, асветы. Друкуе матэрыялы на гіст., маральна-этычныя, сямейна-быт. тэмы. Мае рубрыкі: «Лёсы людскія», «Так і жывём», «Жанчыны Беларусі», «Побач з цікавым суразмоўцам», «Крымінал» і інш.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася 9(22).2.1909 і з 1(14).1 да 9(22) 8.1911 у Вільні на рус. мове. Стаяла на пазіцыях заходнерусізму. Адмаўляла самабытнасць бел. народа, лічыла беларусаў «вялікай рускай большасцю Паўночна-Заходняга краю». Выступала за паступовую замену бел. мовы рускай, называла бел. пісьменнікаў і інш. дзеячаў нац. культуры палякамі, якія апрануліся ў бел. світку. З 10(23).8.1911 выходзіла пад назвай «Северо-Западная жизнь».
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЗЕМЛЯ́»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася ў 1918 у Мінску на рус. мове. Афіц. выдавец — Саюз бел. арг-цый, фактычна была органам Народнага сакратарыята Беларусі. Першы нумар выйшаў 1.3.1918. Друкавала дакументы выканкома Савета Усебел. з’езда, пастановы, загады і аб’явы Нар. сакратарыята Беларусі і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў нац. руху. Выйшла некалькі нумароў.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ НИ́ВА»,
грамадска-палітычная с.-г. газета. Выдаецца ў Мінску з 1921 на рус. і бел. мовах. У 1921—24 выдавалася на рус. мове пад назвай «Белорусская деревня» як дадатак да газ. «Звязда», з сак. 1924 самаст. газета на бел. мове «Беларуская вёска». У 1931 — жн. 1935 «Калгаснік Беларусі», у крас. 1945 — вер. 1950 «Савецкі селянін» (снеж. 1947 — вер. 1950 на бел. і рус. мовах); у кастр. 1950 — кастр. 1962 «Калгасная праўда» (на бел. і рус. мовах), у 1962—91 «Сельская газета» (на рус. мове), з кастр. 1991 «Белорусская нива». Асвятляе пытанні с.-г. вытворчасці, эканам. і сац. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт перадавых грамадскіх гаспадарак, наватараў, дасягненні навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы. Друкуе матэрыялы аб паліт., грамадскім і культ. жыцці ў краіне.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,
газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ РА́ДА»,
вайскова-грамадская і літ. газета. Выдавалася з 25.11(8.12).1917 да 5.2.1918 у Мінску на рус. мове, некаторыя матэрыялы друкавала па-беларуску. Адлюстроўвала нац.-кансалідацыйныя працэсы на Беларусі і за яе межамі, асабліва сярод беларусаў у вайск. фарміраваннях б. царскай Расіі, імкненне бел. народа да нац.-дзярж. самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюзу з інш. народамі сав. Расіі. Пашырала ідэю дзяржаўнасці бел. мовы, падкрэслівала сав.-адраджэнскую ролю нац. інтэлігенцыі.
А.К.Каўка.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ТОРГО́ВАЯ ГАЗЕ́ТА».
Выходзіць з мая 1995 у Мінску на рус. мове 1 раз на тыдзень. Выдаецца пры ўдзеле Мін-ва гандлю, Мін-ва знешніх эканам. сувязяў, Гандлёва-прамысл. палаты і Белкаапсаюза Рэспублікі Беларусь. Публікуе нарматыўныя дакументы гандл. галіны, паведамляе пра змены ў падаткаабкладанні, мытным заканадаўстве і інш.
т. 3, с. 80
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ. «Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.
У.М.Конан.
т. 3, с. 80