Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЛЕФО́ННАЯ СТА́НЦЫЯ,

збудаванне з комплексам абсталявання і прылад для камутацыі (злучэння з наступным раз’яднаннем) абанентаў тэлефоннай сеткі. У аўтам. Т.с. (АТС) камутацыя ажыццяўляецца аўтаматычна з дапамогай камутацыйных прыстасаванняў, што кіруюцца імпульсамі току (іх колькасць адпавядае нумару абанента). Гл. таксама Аўтаматычная тэлефонная станцыя.

т. 16, с. 121

ТЭЛЕФО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача на адлегласць моўнай інфармацыі; від электрасувязі. Забяспечвае вядзенне вусных перамоў паміж абанентамі, якія знаходзяцца на любой адлегласці. Ажыццяўляецца шляхам пераўтварэння гукавых ваганняў у эл. сігналы ў мікрафоне тэлефоннага апарата абанента, які гаворыць, перадачы гэтых сігналаў па лініях правадной ці радыёсувязі і іх адваротнага пераўтварэння ў гукавыя ваганні тэлефонам абанента, які слухае. Перадача тэлеф. паведамленняў адбываецца па правадных, кабельных, радыёрэлейных, валаконна-аптычных лініях сувязі; камутацыя каналаў Т.с. (злучэнне і раз’яднанне абанентаў) — аўтам. і ручным спосабамі на тэлефонных станцыях. У Расіі гарадскія тэлеф. станцыі пачалі дзейнічаць з 1882, на Беларусі — з 1896; міжгародняя лінія Т.с. Мінск—Смалявічы—Барысаў пабудавана ў 1908. Гл. таксама Сувязь.

П.​М.​Малочка.

т. 16, с. 121

ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,

прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.​Г.​Белам (1876).

Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

Схема тэлефоннага апарата: 1 — рычажны пераключальнік; 2 — кантакт нумаранабіральніка; 3 — трансфарматар; 4 — тэлефон; 5 — мікрафон; 6 — званок.

т. 16, с. 121

ТЭЛЕФО́ННЫ АЎТААДКА́ЗЧЫК,

аўтаматычная прылада для адказу на тэлеф. выклік пры адсутнасці абанента і запісу перададзенага па тэлефоне паведамлення. Складаецца з дыктафона, прылады кіравання і прыстаўкі для ўзгаднення ўваходу дыктафона з тэлеф. лініяй.

Сігнал выкліку паступае на прыладу кіравання, якая ўключае дыктафон на ўзнаўленне тэксту папярэдне запісанага адказу абанента, пасля чаго дыктафон пераключаецца на запіс перададзенага паведамлення. Па заканчэнні запісу дыктафон выключаецца і Т.а. пераключаецца ў рэжым гатоўнасці да прыёму наступнага выкліку.

т. 16, с. 121

ТЭЛЕФО́Н-АЎТАМА́Т,

агульнаўжывальная, аднак тэхнічна некарэктная назва таксафона.

т. 16, с. 121

ТЭЛІПТЭ́РЫС (Thelypteris),

род папарацей сям. тэліптэрысавых. Каля 800 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных раёнах. На Беларусі 1 від — Т. балотны (Th. palustris). Трапляецца на вільготных лугах, ускрайках тарфяных і асаковых балот, у забалочаных лясах.

Т. балотны — шматгадовая травяністая расліна выш. 30—60 см з доўгім, тонкім карэнішчам. Лісце двойчыперыстае, звужанае да асновы, ланцэтнае, адзіночнае. Спараносныя сегменты трохвугольныя або серпападобныя, з загнутымі краямі. Кучкі спарангіяў сядзяць у 2 рады. Спарангіі без покрыва. Гаметафіт (зарастак) двухполы, маленькі, слаявінны, зялёны.

Тэліптэрыс балотны.

т. 16, с. 122

ТЭЛІСА́РЭ,

зімовы сорт яблыні эст. нар. селекцыі. Пашырана на Пн Беларусі.

Дрэва моцнарослае з шырокапірамідальнай густой кронай. Плады сярэдняй велічыні (каля 100 г), аднапамерныя, пляската-круглаватыя, са светла-зялёнай афарбоўкай, пры выспяванні — саломіста-жоўтай (у выглядзе лёгкага румянцу). Мякаць сярэднесакаўная, кісла-салодкая. Пладаносіць на 3—4-ы год. Плады захоўваюцца да красавіка. Сорт устойлівы да грыбковых захворванняў.

Тэлісарэ, сорт яблыні.

т. 16, с. 122

ТЭЛІЯСПОРАМІЦЭ́ТЫ (Teliosporomycetidae),

падклас базідыяльных грыбоў. 2 парадкі: галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, каля 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 500 відаў. Паразіты вышэйшых раслін, узбуджальнікі галаўні, іржы раслін. Характэрная асаблівасць Т. — утварэнне ў цыкле развіцця тэліяспоры.

т. 16, с. 122

ТЭЛІЯСПО́РЫ (ад грэч. teleutē канец + споры),

адзін з відаў спор (пераважна, што зімуюць) базідыяльных грыбоў. Т. — таўстасценныя клеткі, якія пасля перыяду спакою прарастаюць у базідыі. Часам Т. наз. хламідаспорамі.

т. 16, с. 122

ТЭЛУ́Р (лац. Tellurium),

Te, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 52, ат. м. 127,6; адносіцца да халькагенаў. Прыродны складаецца з 8 ізатопаў з масавымі лікамі 120, 122—126, 128, 130; найб. пашыраны ​128Te (31,75%) і ​130Te (34,27%). У зямной кары 1∙10​−6% па масе; вядома каля 100 мінералаў Т., асн. з іх: алтаіт PbTe, тэлуравісмутыт Bi2Te3, тэтрадыміт Bi2Te2S. Адкрыты ў 1782 венг. інжынерам і мінералогам Ф.​І.​Мюлерам; назва «Т.» [ад лац. tellus (telluris) — зямля] прапанавана ў 1798 ням. хімікам М.​Г.​Клапратам.

У свабодным стане існуе ў 2 мадыфікацыях: крышт. Т. — серабрыста-шэрае крохкае рэчыва з метал. бляскам (шчыльн. 6247 кг/м³, tпл 449,8 °C) і аморфны Т. — руды парашок (шчыльн. -5900 кг/м³). Паўправаднік (шырыня забароненай зоны 0,32 эВ). Устойлівы ў паветры. Раствараецца ў канцэнтраваных сернай і азотнай к-тах, моцных растворах шчолачаў. Ступень акіслення Т. ў злучэннях -2, +4, +6, радзей +2. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), пры награванні — з кіслародам (утварае дыаксід TeO2); пры сплаўленні з металамі ўтварае тэлурыды. Вядомы шматлікія тэлурарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць Т. для сінтэзу паўправадніковых матэрыялаў, легіравання чыгуну і сталі, сплаваў свінцу і медзі (павышае іх мех. і хім. ўстойлівасць), тэлурарган. злучэнні як каталізатары. Т. і асабліва яго злучэнні таксічныя: выклікаюць ірвоту, бранхіт, пнеўманію; ГДК Т. ў паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,01 мг/л.

Літ.:

Есиркегенов Г.М. Селен и теллур. Алма-Ата, 1981;

Садеков И.Д., Максименко А.А., Минкин В.И. Химия теллурорганических соединений. Ростов н/Д, 1983.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 122