ТЭЛУ́Р (лац. Tellurium),
Te, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 52, ат. м. 127,6; адносіцца да халькагенаў. Прыродны складаецца з 8 ізатопаў з масавымі лікамі 120, 122—126, 128, 130; найб. пашыраны 128Te (31,75%) і 130Te (34,27%). У зямной кары 1∙10−6% па масе; вядома каля 100 мінералаў Т., асн. з іх: алтаіт PbTe, тэлуравісмутыт Bi2Te3, тэтрадыміт Bi2Te2S. Адкрыты ў 1782 венг. інжынерам і мінералогам Ф.І.Мюлерам; назва «Т.» [ад лац. tellus (telluris) — зямля] прапанавана ў 1798 ням. хімікам М.Г.Клапратам.
У свабодным стане існуе ў 2 мадыфікацыях: крышт. Т. — серабрыста-шэрае крохкае рэчыва з метал. бляскам (шчыльн. 6247 кг/м³, tпл 449,8 °C) і аморфны Т. — руды парашок (шчыльн. -5900 кг/м³). Паўправаднік (шырыня забароненай зоны 0,32 эВ). Устойлівы ў паветры. Раствараецца ў канцэнтраваных сернай і азотнай к-тах, моцных растворах шчолачаў. Ступень акіслення Т. ў злучэннях -2, +4, +6, радзей +2. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), пры награванні — з кіслародам (утварае дыаксід TeO2); пры сплаўленні з металамі ўтварае тэлурыды. Вядомы шматлікія тэлурарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць Т. для сінтэзу паўправадніковых матэрыялаў, легіравання чыгуну і сталі, сплаваў свінцу і медзі (павышае іх мех. і хім. ўстойлівасць), тэлурарган. злучэнні як каталізатары. Т. і асабліва яго злучэнні таксічныя: выклікаюць ірвоту, бранхіт, пнеўманію; ГДК Т. ў паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,01 мг/л.
Літ.:
Есиркегенов Г.М. Селен и теллур. Алма-Ата, 1981;
Садеков И.Д., Максименко А.А., Минкин В.И. Химия теллурорганических соединений. Ростов н/Д, 1983.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)