А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАЙ УЛА́ДЫ,
дакументальная юрыд. форма выяўлення волі прадстаўнічых органаў дзярж. улады. У Рэспубліцы Беларусь — гэта законы, пастановы і інш. акты Вярх. Савета, указы Прэзідэнта, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета, рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, абавязковыя да выканання агульныя правілы або прадпісанні індывід. характару. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь мае найвышэйшую юрыд. сілу ў адносінах да ўсіх інш. законаў і актаў, яна вызначае парадак іх прыняцця і формы. Права прыняцця агульнадзярж. законаў належыць Вярх. Савету. Прэзідэнт выдае ў межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні і кантралюе іх выкананне. Мясц. Саветы дэпутатаў на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падпарадкаванай ім тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі. Кантроль за канстытуцыйнасцю актаў органаў дзяржаўнай улады ажыццяўляе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, і тыя, што прызнаны ім неканстытуцыйнымі, не маюць юрыд. сілы.
т. 1, с. 211
А́КТЫ ПАЎДНЁВАЙ І ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І,
«Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею», шматтомны збор дакументаў па паліт., царк. і сац.-эканам. гісторыі Украіны і Беларусі з 1361 да 1678 (т. 1—15. Спб., 1861—92). Складальнікі-рэдактары М.І.Кастамараў і Г.Ф.Карпаў. Змешчаны дакументы пераважна на старабел. і стараўкр. мовах, якія асвятляюць сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ, гісторыю праваслаўнай і уніяцкай царквы, дзейнасць брацтваў, сял.-казацкія паўстанні (у т. л. С.Налівайкі), войны сярэдзіны 17 ст. Сярод дакументаў прывілеі вял. князёў на землі, сялян, корчмы, мыта, кірмашы, на магдэбургскае права гарадам, адм. пасады, судовыя дакументы і інш.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 211
А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.
Л.С.Іванова.
т. 1, с. 211
А́КТЫ У́НІІ ПО́ЛЬШЧЫ З ЛІТВО́Ю 1385—1791,
«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — акт Крэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 211
А́КТЫ ЦЫВІ́ЛЬНАГА СТА́НУ,
запісы дзярж. органамі (аддзеламі ЗАЦС або выканкомамі мясц. Саветаў) фактаў, якія вызначаюць цывільны стан: нараджэнне, смерць, шлюб або скасаванне яго, усынаўленне, перамену прозвішча або імя. Запісы актаў цывільнага стану служаць таксама падставай для выяўлення колькасных і якасных змен у дэмаграфічных працэсах, адной з асноў сац.-эканам. планавання. У некаторых краінах, дзе царква не аддзелена ад дзяржавы, запісы актаў цывільнага стану вядуць царк. ўстановы. У Рэспубліцы Беларусь парадак запісаў актаў цывільнага стану рэгулюецца Кодэксам аб шлюбе і сям’і і інш. нарматыўнымі актамі.
т. 1, с. 211
АКТЭ́Т (італьян. ottetto ад лац. octo восем) у музыцы, 1) ансамбль з 8 выканаўцаў — інструменталістаў ці вакалістаў. Складаецца спецыяльна для выканання пэўных твораў, часам устойлівы калектыў.
2) Муз. твор для 8 салістаў-інструменталістаў (найчасцей камерныя творы ў санатнай цыклічнай форме) ці для 8 пеўчых галасоў.
т. 1, с. 214
АКТ ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ,
пісьмовы тэкст, які ўручаецца або дасылаецца органамі знешніх зносін адной дзяржавы органам знешніх зносін інш. дзяржавы. Найб. пашыраныя акты дыпламатычныя: нота, мемарандум, афіц. ліст, памятная запіска.
т. 1, с. 208
АКТ НА ПРА́ВА ВАЛО́ДАННЯ (КАРЫСТА́ННЯ) ЗЯМЛЁЙ,
дзярж. пасведчанне пра наяўнасць права на ўласнасць, валоданне або карыстанне зямельным участкам. Выдаецца мясц. Саветамі дэпутатаў, інш. дзярж. органамі Рэспублікі Беларусь. Складаецца ў 2 экзэмплярах: 1-ы экз. выдаецца ўласніку, землеўладальніку або землекарыстальніку, 2-і захоўваецца ў адпаведным Савеце дэпутатаў. Парадак перадачы зямельных участкаў у карыстанне, валоданне або адчужэнне іх у прыватную ўласнасць рэгулюецца дзярж. зямельным заканадаўствам.
Н.А.Карповіч.
т. 1, с. 208
АКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,
афіцыйны дакумент, які выдаецца дзярж. органам ці службовай асобай у межах іх кампетэнцыі і мае абавязковыя для выканання прадпісанні. Падзяляюцца на нарматыўныя (устанаўліваюць нормы права і рэгламентуюць пэўную сферу грамадскіх адносін) і індывідуальныя (спараджаюць канкрэтныя правы і абавязкі для канкрэтных суб’ектаў права) акты. Актам юрыдычным наз. таксама дакумент, які сведчыць аб факце юрыдычным.
т. 1, с. 208