АКАРЫ́НА
(італьян. ocarina літар. гусяня),
музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 186
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́
(Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
т. 1, с. 186
АКАРЫЦЫ́ДЫ
[ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],
пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.
т. 1, с. 186
АКА́СІ,
горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю, у прэфектуры Хіёга. 263 тыс. ж. (1987). Рыбалоўны порт на Унутраным Японскім м. Харч., баваўняная прамысловасць, цяжкае і с.-г. машынабудаванне (аўтазавод), хім. прадпрыемствы, марскі курорт.
т. 1, с. 186
АКАСМІ́ЗМ
(ад a... + грэч. kosmos Сусвет),
філасофскае і рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе погляды аб нікчэмнасці свету. У найб. чыстым выглядзе сустракаецца ў класічнай інд. філасофіі (гл. Веданта), пашырана і ў хрысціянстве. Гегель называў акасмізмам пантэізм Спінозы, паколькі бог у ім ёсць адзіная вечная і бясконцая субстанцыя, усё астатняе — часовае, неістотнае. Акасмізмам наз. таксама спірытуалізм, які адмаўляе рэальнасць навакольнага свету.
т. 1, с. 186
АКА́ТВАННЕ,
акамкаванне, метад атрымання камякоў пылападобнай руды, мінер. угнаенняў ці танказдробненых канцэнтратаў, спяканне якіх ускладнена. Увільготнены матэрыял у вярчальным барабане ці талерчатым гранулятары ператвараецца ў камякі, трываласць якім надаецца хім. спосабам, абпальваннем ці высушваннем. Канчатковы прадукт наз. акатышам. У каляровай металургіі акатваюцца свінцовыя, медныя, нікелевыя канцэнтраты, для жал. рудаў акрамяакатвання выкарыстоўваюць агламерацыю.
т. 1, с. 186
АКАТУ́ЙСКАЯ ТУРМА́,
катаржная турма ў Рас. імперыі; адзін з цэнтраў паліт. катаргі, дзе трымалі рэвалюцыянераў-народнікаў, а пасля рэв. 1905—07 паліт. вязняў з рабочых, сялян, салдат. Пабудавана ў 1888 у Нерчынскай горнай акрузе Забайкалля (цяпер тэр. Чыцінскай вобл.). Ліквідавана пасля Лют. рэв. 1917.
т. 1, с. 186