Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАША́НСКІ ТОРФАМАСІ́Ў,

балота ў Капыльскім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., у вадазборы р. Лоша. Нізіннага тыпу. Пл. 11 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,8 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 2,1 м. Здабыча торфу для вытв-сці брыкетаў і на ўгнаенне. Большая ч. балота асушана.

т. 9, с. 168

ЛАША́НЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля аўтадарогі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Беларусь. 539 ж., 192 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 168

ЛА́ШКАВА (Лілі Марынава) (н. 7.9.1943, Сафія),

балгарскі мовазнавец і перакладчык. Канд. філал. н. (1972). Скончыла Сафійскі ун-т (1966), дзе працуе на кафедры слав. мовазнаўства. Удзельніца бел.-балг. навук. сімпозіумаў па параўнальным мовазнаўстве ў Мінску (1976, 1982, 1987), Сафіі (1979). Аўтар даследаванняў «Пра некаторыя функцыянальныя адпаведнасці балгарскага азначальнага члена ў беларускай мове» (1976; разам з Л.​Куевай-Шверчак), «Да тыпалогіі складаных прыметнікаў у беларускай і балгарскай мовах» (1983) і інш. На балг. мову пераклала аповесці «Дрыгва» Я.​Коласа, «Найдорф» І.​Пташнікава, «Запіскі Занядбайлы» Б.​Сачанкі, «Раданіца» А.​Кудраўца, асобныя апавяданні Я.​Коласа, Л.​Гаўрылкіна, М.​Гіля, Г.​Далідовіча, Кудраўца, Пташнікава для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981).

т. 9, с. 168

ЛАШКЕ́ВІЧ (Рыгор Іосіфавіч) (10.10. 1904, в. Востраў Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 16.1.1992),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), д-р с.-г. н. (1958), праф. (1960). Скончыў БСГА (1927). У 1930—41 у НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (Мінск). З 1945 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (да 1972 заг. аддзела). Навук. працы па аграбіялогіі, фізіялогіі раслін, аграхіміі. Распрацаваў эфектыўныя прыёмы выкарыстання пашы, вырошчвання с.-г. культур, прымянення сістэмы мікраўгнаенняў на тарфяных глебах; даследаваў уплыў воднага рэжыму і дажджавання на прадукцыйнасць с.-г. раслін.

Р.І.Лашкевіч.

Тв.:

Применение микроудобрений на торфяных почвах. Мн., 1955;

Плодородие торфяных почв и возделывание конопли. Мн., 1962;

Сахарная свекла на торфяных почвах. Мн., 1965.

т. 9, с. 168

ЛАШТ (ням. Last цяжар, груз),

адзінка масы ў сістэме мер ВКЛ. Выкарыстоўваўся ў балт. партах 13—20 ст. пераважна для вымярэння ёмістасці марскіх і рачных суднаў пры гандлі с.-г. прадуктамі (збожжа, масла, паташ, смала, дзёгаць, лён і інш.). Існавалі Л. польскі, крулявецкі, рыжскі, рускі розных значэнняў. У цэлым Л. вагаўся ад 1,5 да 3 т.

т. 9, с. 168

ЛАЯЛПУ́Р,

горад у Пакістане, гл. Фейсалабад.

т. 9, с. 168

ЛАЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад англ., франц. loyal надзейны, пэўны, правільны),

1) адданасць дзеючым законам, пастановам органаў улады (часам знешняя, фармальная).

2) Карэктныя, добразычлівыя адносіны да каго-, чаго-небудзь.

т. 9, с. 168

ЛАЯ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, на р. Лахэ (бас. Хуанхэ), у прав. Хэнань. Засн. ў 12 ст. да н.э. 760 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Буйны цэнтр вытв-сці трактароў, горнага абсталявання і падшыпнікаў. Развіта таксама гумава-тэхн., тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Каля Л. — шматлікія падземныя грабніцы (больш за 1000), у т. л. пачатку н.э. За 10 км на У — храм Баймасы (68 н.э.) — адзін з першых будыйскіх храмаў у Кітаі, за 15 км на Пд — будыйскі пячорны храм Лунмынь (495—898, цяпер музей).

т. 9, с. 168

ЛА-ВЕ́НТА (La Venta),

буйнейшы цырыманіяльны цэнтр альмекаў на востраве ў вусці р. Танала (цяпер у штаце Табаска, Мексіка). Асн. збудаванні — піраміды з гліны (выш. да 35 м) і дапаможныя пабудовы, платформа і палацы, славутыя базальтавай скульптурай (5 велізарных чалавечых галоў па 10—13 т кожная), рытуальнымі вымасткамі з серпенцінавых блокаў, ахвярамі з разнога гагату. Выяўлена шмат дробнай пластыкі з нефрыту, жадэіту і гліны. Асн. пабудовы ўзведзены за 1000 г. да н.э. і разбураны праз 500—600 гадоў.

т. 9, с. 84

ЛА-КАРУ́НЬЯ (La Coruña),

горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобл. Галісія і прав. Ла-Карунья. 245 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-рыбалоўны порт на Атлантычным ак. Прам-сць: нафтаперапр., алюмініевая, маш.-буд. (у т. л. суднабудаванне), харч.асн. рыбаперапрацоўчая), тэкст., ваенная. Арх. помнікі 12—18 ст.

т. 9, с. 106