Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЫСТАФА́Н

(Aristophanes; каля 445—385 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі драматург, «бацька камедыі». З 45 яго п’ес захавалася 11, у тым ліку «Восы» (422), «Птушкі» (414), «Жанчыны на свяце Фесмафорыяў» (411), «Жанчыны на народным сходзе» (392), «Плутас (388). У іх асуджэнне палітыкі вайны («Ахарняне», 425; «Коннікі», 424; «Мір», 421; «Лісістрата», 411), развенчванне філасофіі сафістаў («Воблакі», 423). Адстойваў эсхілаўскі шлях развіцця грэчаскай трагедыі («Жабы», 405). Побач з гістарычнымі фактамі выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы; нагляднасць, канкрэтнасць ідэі дасягалася праз вонкавыя камедыйныя прыёмы — карыкатуру, гіпербалу, буфанаду. Вялікую ролю ў яго камедыях адыгрываюць хор і «агон» — спрэчка паміж 2 персанажамі, якія адстойваюць процілеглыя погляды.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Соболевский С.М. Аристофан и его время. М., 1957.

А.С.Шаўчэнка.

т. 2, с. 8

АРЫСТО́НІК

(Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),

кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 данашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 данашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.

т. 2, с. 8

АРЫСТО́ЦЕЛЬ

(Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыкдапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.

Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходне-славянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, Л.Зізаній, А.Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагодззя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут).

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—4. М., 1976—83;

Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;

Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;

Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;

Бирало А.А. Философская и обшественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.

Г.У.Грушавы.

т. 2, с. 8

АРЫСТЫ́Д

(Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),

палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.

т. 2, с. 8

АРЫСТЫ́П

(Aristipos) з Кірэны (каля 435 — каля 366 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі філосаф. Вучань Сакрата. Заснавальнік кірэнскай школы, адзін з пачынальнікаў геданізму ў этыцы. Паводле Арыстыпа, чалавечаму пазнанню даступныя толькі пачуцці, уласныя станы, прыемныя ці прыкрыя, а не існуючыя аб’ектыўна знешнія рэчы; успрыманні іншых людзей для чалавека недасягальныя, ён можа абапірацца толькі на іх выказванні. Таму Арыстып аддаваў перавагу практычнаму, а не тэарэтычнаму пазнанню. Найвышэйшую мэту жыцця бачыў у асабістым здавальненні, але, паводле Арыстыпа, чалавек не павінен падпарадкоўвацца яму, а імкнуцца да разумнай асалоды. Здавальненне і пакуты лічыў мерай дабра і зла, ісціны і хлусні. Сцвярджаў, што не трэба шкадаваць аб мінулым ці баяцца будучыні, у мысленні, як і ў дзеяннях, трэба надаваць значэнне толькі сучаснаму, якім можна вольна распараджацца.

В.В.Краснова.

т. 2, с. 9

АРЫТМІ́Я

(ад а... + грэчаскае rhythmos рытм) сардэчная, парушэнне рытму, паслядоўнасці і сілы сардэчных скарачэнняў. Узнікае ад парушэнняў аўтаматызму, узбуджальнасці, праводнасці і скарачальнасці сэрца, пры хваробах сэрца, парушэннях яго нервовай рэгуляцыі і гэтак далей. Адрозніваюць пачашчэнне (тахікардыя) і запаволенне (брадыкардыя) біцця сэрца, няправільны рытм сардэчных скарачэнняў (экстрасісталія, мігальная арытмія),

прыступы частага біцця сэрца (параксізмальная тахікардыя) і інш. Лячэнне асноўнай хваробы сэрца ліквідуе арытмію.

т. 2, с. 9

АРЫФМЕ́ТЫКА

(ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.І.Бернік.

т. 2, с. 9

АРЫФМЕТЫ́ЧНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ ЭВМ,

асноўная частка працэсара ЭВМ, якая выконвае аперацыі па апрацоўцы інфармацыі.

т. 2, с. 9

АРЫФМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАГРЭ́СІЯ,

паслядоўнасць лікаў (a1, a2, ..., an, ...), кожны наступны з якіх атрымліваецца з папярэдняга дадаваннем пастаяннага ліку d (рознасць арыфметычнай прагрэсіі). Напрыклад, 2, 5, 8, 11, ..., d = 3. Калі d>0 (d<0), то арыфметычная прагрэсія нарастальная (спадальная). Любы член арыфметычнай прагрэсіі вылічваецца па формуле an = a1 + d(n−1) ; сума Sn першых n членаў — Sn = n ( a1 + an ) / 2 .

т. 2, с. 9

А́РЫШТ

(нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),

1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.

2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.

4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.

т. 2, с. 9