Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛІЦА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).

Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.

У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІЦК,

рабочы пасёлак у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. За 28 км ад Рагачова, 80 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Салтанаўка на лініі Жлобін—Гомель. 700 ж. (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Утвораны 12.1.1960 з пасёлка торфапрадпрыемства «Беліцкае», які існаваў з 1948. У 1970 — 1,2 тыс. ж. У Беліцку торфапрадпрыемства. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 3, с. 79

БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,

баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.

т. 3, с. 79

БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.А.Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.Ф.Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.І.Камінскі.

т. 3, с. 79

БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб. цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.

т. 3, с. 79

БЕ́ЛІЧ

(Beluħ) Аляксандр (14.8.1879, Бялград — 26.2.1960),

сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).

т. 3, с. 79

БЕЛІЧА́НКА,

рака ў Беларусі, у Веткаўскім і Гомельскім р-нах, левы прыток р. Уза (бас. Дняпра). Даўж. 30 км. Цячэ па Гомельскім Палессі. Рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы, на Пд ад р.п. Бальшавік і на правым беразе каля вусця сажалкі.

т. 3, с. 79

БЕ́ЛІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад Слуцка, 120 км ад Мінска. 316 ж., 151 двор (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 79

«БЕЛКААППРАЕ́КТ»,

Праектная арганізацыя «Белкааппраект» Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. Засн. ў 1967 у Мінску як ін-т «Белкааппраект», з 1994 праектная арг-цыя. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне кіравання буд-вам, арганізацыя тэхналогій для аграпрамысл. комплексу (калгасы, саўгасы, фермерскія гаспадаркі і прадпрыемствы кааперацыі).

т. 3, с. 79

БЕЛКАЛГАСЦЭ́НТР,

гл. Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў.

т. 3, с. 79